Белорусский портал в Казахстане

Былога кіраўніка выдавецтва БПЦ, за якога заступаўся мітрапаліт Павел, асудзілі за крадзеж



Суд Заводзкага раёну Менску абвясьціў прысуд Уладзімеру Грозаву, былому дырэктару выдавецтва Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы, якога судзілі паводле абвінавачаньня ў крадзяжы сродкаў у вялікім памеры.

Суд прызнаў Уладзімера Грозава вінаватым у злоўжываньні, завалоданьні маёмасьцю ў вялікім памеры, нясплаце мытных пошлін. Пакараньне — 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

Грозаву залічылі час арышту ў Расеі і Беларусі. Яго затрымалі ў 2016 годзе ў Смаленскай вобласьці Расеі.

Працэс над Грозавым ішоў некалькі месяцаў і прыцягнуў дадатковую ўвагу, калі ў якасьці сьведкі на працэсе выступіў Патрыяршы экзарх Беларусі мітрапаліт Павел.

Канфіскаваныя сярод іншага

пабудова ў вёсцы Каменка,
участак у Рудзенскім сельсавеце,
офіснае памяшканьне ў Менску,
аўтамабілі «Аудзі» і «Шкода».

Суд пастанавіў вярнуць уласьнікам арыштаваныя на час сьледзтва аўтамабіль «Мэрсэдэс» і будынак у вёсцы Хацежына Менскага раёну. Экзархату вярнулі 10 адзінак тэхнікі — грузавыя аўтамабілі і аўтобусы.

Пасьля прысуду Грозаў сказаў „Слава Богу!“ і перахрысьціўся.

На пытаньне, ці будзе абскарджваць вырак, Грозаў не адказаў.

Сын Грозава Серафім лічыць, што доказаў віны бацькі ў судзе не было прыведзена. Ён мяркуе, што Ўладзімер Грозаў будзе абскарджваць прысуд: «7 гадоў ні за што — хіба гэта нармальна?»

Адвакат ад камэнтару адмовіўся.

Кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы ў Беларусі, якая спачатку падтрымала абвінавачаньні супраць Уладзімера Грозава, заявіў на судзе, што нанесеныя Грозавым царкве страты кампэнсаваныя, і папрасіў спыніць супраць яго крымінальны перасьлед. Паводле мітрапаліта, гэтую просьбу падтрымаў і ганаровы экзарх Беларускай праваслаўнай царквы Філарэт.

Паводле сьледзтва, Уладзімер Грозаў незаконна завалодаў 1,2 мільёна рублёў са сродкаў выдавецтва Беларускага экзархату.

Таксама экс-дырэктар, паводле Генэральнай пракуратуры, праз злоўжываньне пасадай завалодаў часткаю сядзібы XVII стагодзьдзя ў вёсцы Сёмкава пад Менскам.

Як сьведчылі дакумэнты, аб’екты сядзібы, прызнаныя гістарычнай каштоўнасьцю, былі незаконна ўнесеныя ў статут фірмы «СЕО», у якой асноўным уласьнікам і кіраўніком быў Уладзімер Грозаў.

Гэтым, паводле сьледзтва, Грозаў нанёс дзяржаве стратаў на 3,8 мільёна рублёў. Выстаўлялі Ўладзімеру Грозаву і абвінавачаньне ва ўхіленьні ад падаткаў на суму 210 тысяч рублёў.

У чэрвені як сьведка ў справе быў дапытаны Патрыяршы экзарх Беларусі мітрапаліт Павел. Ён адразу заявіў пра сваё шкадаваньне, што раней падпісаў хадайніцтва аб завядзеньні крымінальнай справы на Грозава.

«Сёньня я ўсё гэта разумею зусім інакш: тыя, хто на яго пісаў, яму зайздросьцілі», — сказаў суду мітрапаліт Павел. Паводле яго, гэтыя зайздросьнікі ўжо не працуюць ў выдавецтве экзархату.

У матэрыялах крымінальнай справы былі зьвесткі пра 14 аўтамабіляў, увезеных з-за мяжы праз царкоўныя структуры. Сярод іх і тыя, якімі завалодаў экс-кіраўнік выдавецтва экзархату Уладзімер Грозаў. Спэцыялісты ацэньвалі кошт аўтамабіляў у 150 тысяч даляраў.

Радыё Свабода, 27 верасьня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/11-402/3/45106
Текущая дата: 24.11.2024