Артыст нагадаў пра тое, што ў песні "Вы шуміце, бярозы" ёсць новая версія, да якой усе хутка прывыкнуць.
Народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка пракаментаваў сітуацыю з забаронай выконваць песні аўтарства Эдуарда Ханка падчас свайго "Зорнага часу" на фестывалі "Славянскі базар у Віцебску".
Кампазітар Эдуард Ханок плануе падаць у суд на Ядвігу Паплаўскую і Анатоля Ярмоленка за выкананне яго кампазіцый без указання аўтарства і выплаты адпаведных ганарараў. Некалькі разоў кампазітар выказваўся крытычна пра артыстаў і забараніў ім выконваць "Малінаўку" і "Вы шуміце, бярозы".
"Не я пачынаў гэты канфлікт, не я яго культываваў. Ханок сказаў: "Не спявайце мае песні". Я і не буду. Хоць, вядома, "Вы шуміце, бярозы" — адзін з нашых залатых хітоў", — прызнаўся Ярмоленка.
Са слоў артыста, пасля выступленняў Ханка ў СМІ ён зразумеў, што не зможа дамовіцца з кампазітарам.
"Таму мы запусцілі новую версію песні, яна будзе гучаць сёння на канцэрце, напісаную Маркам Тайтлерам. Думаю, яна будзе нязвыклай пры першым праслухоўванні. Але, перакананы, пасля пятага праслухоўвання ўсе прывыкнуць", — запэўніў народны артыст.
Ярмоленка запэўніў, што абодва варыянты песні добрыя, але калі ў Ханка з`явіцца жаданне, каб яго версія кампазіцыі на вершы Ніла Гілевіча зноў прагучала, то можна будзе знайсці кансэнсус і зноў яе выконваць.
Ханок заяўляў, што прапаноўваў Ярмоленку заключыць дагавор на выкананне яго кампазіцыі коштам у дзве з паловай тысячы долараў, аднак бакі не змаглі прыйсці да пагаднення. У выніку кампазітар плануе восенню праз суд абараняць "гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю".
Віцебск, 14 ліпеня 2017
Sputnik
Віцебск, 14 ліпеня 2017
Sputnik
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/11-402/4/40034
Текущая дата: 24.11.2024