Белорусский портал в Казахстане

З 1 ліпеня 2017 года ў Беларусі забараняецца продаж інфармацыйнай прадукцыі без узроставай маркіроўкі



Пра гэта паведаміла прэс-служба ўрада.

Пастановай Савета міністраў ад 17 кастрычніка № 828 у Беларусі з 1 ліпеня 2017 года будзе забаронены продаж інфармацыйнай прадукцыі без узроставай маркіроўкі.

Згодна з пастановай, інфармацыйная прадукцыя (прадукцыя сродкаў масавай інфармацыі, друкаваных выданняў, аўдыявізуальных твораў, фанаграм, гульняў, у тым ліку гульняў з электронным дысплеем, камп`ютарных гульняў і праграм на любых відах носьбітаў) альбо інфармацыя, якая распаўсюджваецца на культурных мерапрыемствах, павінна мець прысвоены ва ўстаноўленым парадку знак узроставай катэгорыі.

Выключэнне складуць выпадкі, калі наяўнасць такога знака з`яўляецца неабавязковай у адпаведнасці з заканадаўствам.

Будзе забаронена прадаваць непаўналетнім ва ўзросце да 16 гадоў фільмы, якім прысвоены знак узроставай катэгорыі "16+" ці "18 +" (раней у пастанове была прапісаная забарона на продаж аўдыявізуальных твораў з індэксамі "**" і "***").

Пастановай таксама ўдакладненыя асаблівасці продажу сродкаў абароны раслін (рэчываў або сумесі рэчываў сінтэтычнага або прыроднага паходжання для прадухілення з`яўлення, знішчэння або барацьбы са шкоднікамі, узбуджальнікамі хвароб раслін і інш.).

Так, дапускаюцца да продажу толькі сродкі абароны раслін, якія прайшлі дзяржаўную рэгістрацыю сродкаў абароны раслін і ўключаныя ў Дзяржаўны рэестр сродкаў абароны раслін і угнаенняў, дазволеных да прымянення на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Інфармацыя аб сродках аховы раслін акрамя звестак павінна ўтрымліваць на кожнай адзінцы ёмістасці са сродкам абароны раслін рэкамендацыі па яго ўжыванні, перавозцы і захоўванні (на тарнай (упаковачнай) этыкетцы або ў спецыяльным дадатку) з указаннем нумара дзяржаўнай рэгістрацыі.

Прадавец павінен мець дакумент, які пацвярджае якасць сродку абароны раслін, выдадзены вытворцам, і абавязаны забяспечыць выкананне патрабаванняў бяспекі пры захоўванні і продажы сродкаў абароны раслін. Продаж сродкаў абароны раслін ажыццяўляецца толькі ва ўпакоўцы вытворцы.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 19 кастрычніка 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/11-402/5/37306
Текущая дата: 15.11.2024