Даследаванне DMTel закранула сеткі 31 мабільнага аператара ў дзевяці краінах.
Беларускі аператар velcom заняў першае месца ў рэйтынгу сярод кампаній мабільнай сувязі ў краінах СНД па сярэдняй якасці перадачы маўлення. Такія вынікі драйв-тэсту незалежнай расійскай тэлекамунікацыйнай кампаніі DMTel, які праводзіўся ў буйных гарадах краін СНД, Грузіі і Украіны, паведамляе камунікацыйнае агенцтва АГТ.
Даследаванне DMTel закранула сеткі 31 мабільнага аператара ў дзевяці краінах. Супольны маршрут тэст-драйву перавысіў 14 тыс. км, а яго працягласць склала 602 гадзіны. Для сеткі кожнага аператара ў тым ці іншым горадзе спецыялісты выканалі каля 1.500 цыклаў тэстаў.
Даследаванне праводзілася на працягу года ў 11 гарадах постсавецкай прасторы. Так, з ліпеня па лістапад былі выкананыя вымярэнні ў Беларусі, Казахстане, Кыргызстане і Узбекістане. Каб параўнанне было дакладным і карэктным, спецыялісты выкарыстоўвалі ідэнтычнае вымяральнае абсталяванне і прытрымліваліся адзінай методыкі.
Па сукупнасці паказчыкаў (якасць перадачы маўлення, доля абрываў, хуткасць перадачы даных і г.д.) velcom заняў у агульным рэйтынгу трэцяе месца, на чацвёртым радку размясціўся беларускі "МТС".
Якасць галасавой сувязі даследчыкі ацэньвалі па трох паказчыках, перадачы даных — па пяці. Найлепшую якасць перадачы маўлення паказаў velcom, атрымаўшы 4,21 пункта па пяцібальнай шкале MOS (Mean Opinion Score), а на другім месцы апынуўся "МТС" з 4,13 бала. Акрамя таго, беларускія аператары апынуліся сярод лідараў па хуткасці доступу ў інтэрнэт: сярэдняя хуткасць перадачы даных для абанентаў у 99,9% выпадкаў перавышае 1 Мбіт/с.
У лік лідараў таксама ўвайшлі армянскі Ucom, кіргізскі "Нур Тэлекам" і узбекскі Uzmobile. Акрамя таго, эксперты ацанілі якасць працы Vodafone у Адэсе. "Усе яны не саступаюць вядучым еўрапейскім аператарам па асноўных паказчыках якасці сэрвісаў сетак мабільнай сувязі — даступнасць, бесперапыннасць, якасць перадачы маўлення і хуткасць перадачы даных", — адзначылі аўтары даследавання.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 17 снежня 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/11-402/5/38032
Текущая дата: 15.11.2024