Белорусский портал в Казахстане

Удзельніца стажыроўкі беларусаў замежжа: знаёмім эстонцаў з беларускай культурай



Старшыня НКА "Цэнтр вучобы і развіцця EVA-Studiorum" (Талін), мастацкі кіраўнік моладзевага ансамбля "Дзяўчаты" Ніна Пээрна на прэс-канферэнцыі расказала, як развіваюць беларускую культуру ў Эстоніі.

"Я на стажыроўцы ўжо трэці раз, і тут нам даюць вельмі шмат. Гэта стажыроўка стала адным з першых штуршкоў для стварэння беларускай нядзельнай школы "Буслікі" пры цэнтры нацыянальных меншасцей. У нас у Эстоніі восем беларускіх арганізацый. Мы знаёмім людзей, якія жывуць у Эстоніі,  з беларускай культурай. Так, цэнтр нацыянальных меншасцей "Радзіма" праводзіць Дні беларускай культуры, на якія запрашаем беларускія калектывы", - расказала Ніна Пээрна.

Штогод праводзяцца літаратурна-паэтычныя сустрэчы. "Кожны год мы выбіраем беларускага паэта-юбіляра, знаёмімся з яго творчасцю і праводзім конкурсы чытальнікаў і малюнкаў па вершах паэта-юбіляра. У нас былі і Янка Купала, і Якуб Колас, і Максім Танк,і Максім Багдановіч і іншыя аўтары", - падкрэсліла Ніна Пээрна.

Паводле яе слоў, у конкурсе прымаюць удзел дзеці з некалькіх краін. У апошнім удзельнічалі прадстаўнікі Эстоніі, Літвы, Латвіі, Украіны, Італіі, Іарданіі і Расіі. Старшынёй журы звычайна выступаюць супрацоўнікі беларускага пасольства.

Старшыня грамадскай арганізацыі "Беларуская мясцовая нацыянальна-культурная аўтаномія "Беларусы Таганрога", мастацкі кіраўнік узорных вакальна-харэаграфічных калектываў "Зорачкi" і "Ластаўкi" Эліна Старыкава прызналася, што для яе сустрэча з Беларуссю - гэта сустрэча з радзімай.

"Наша арганізацыя існуе з 2014 года. Калі мы ўпершыню трапілі на стажыроўкі, то атрымалі веды і адразу ж сталі прымяняць іх на практыцы і дзяліцца з іншымі. Быў адкрыты цэнтр нацыянальных славянскіх культур на аснове беларускай культуры, потым мы пачалі выйграваць гранты і стваралі этнатэатр "Берагіні". Мы рэалізавалі такі праект, як "Тры народы - адна душа", - адзначыла яна.

"Я ганаруся сваёй радзімай, добраўпарадкаваннем вуліц, прыродай, маімі землякамі, якія вельмі добрыя, чулыя людзі. І ў нас у данскім краі я чую пра беларусаў толькі самае добрае", - рэзюмавала Эліна Старыкава.

На гэты раз у творчай стажыроўцы прыехалі паўдзельнічаць 30 чалавек з Італіі, Казахстана, Эстоніі, Латвіі і Расіі. Ярка прадстаўлены рэгіёны і гарады Расіі: Карэлія, Башкортастан, Прыморскі край, Яраслаўль, Самара, Іркуцк, Тальяці.

Удзельнікі творчай стажыроўкі прабудуць у Беларусі да 16 лістапада. За гэты час яны прымуць удзел у мностве майстар-класаў, паглядзяць рэгіёны нашай краіны і акунуцца ў беларускую культуру.

13 лістапада 2024, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/11-403/1/75849
Текущая дата: 23.11.2024