Белорусский портал в Казахстане

Больш за 200 беларускіх кніг прадставілі на Форуме выдаўцоў у Львове



Беларуская дэлегацыя прадставіла больш за 200 кніг на 26-м Форуме выдаўцоў у Львове, заявіў дырэктар ААТ "Паліграфкамбінат імя Я.Коласа" Ігар Маланяк.

"Галоўная мэта нашага наведвання форуму - гэта азнаямленне чытачоў з апошнімі кніжнымі навінкамі беларускіх выдавецтваў, выпушчаных у 2018-2019 гадах, - адзначыў Ігар Маланяк. - Наш стэнд, размешчаны на 8 кв.м, прадставіў больш за 300 найменняў кніг і друкаванай прадукцыі, меў вялікую папулярнасць у наведвальнікаў, якія ў першую чаргу цікавіліся кнігамі па гісторыі і культуры Беларусі, краязнаўчай і навучальнай літаратурай, а таксама з цікаўнасцю разглядалі кнігі ўкраінскіх аўтараў на беларускай мове нашага выдавецтва, напрыклад, "На арэлях натхнення", вершы, а таксама дзіцячую кнігу "Як васількі на сваю крыўду забыліся" Аляксандра Карлюкевіча ў перакладзе на ўкраінскую мову".

Паводле слоў дырэктара ААТ "Паліграфкамбінат імя Я.Коласа", на палях форуму была адабрана дзіцячая ўкраінская літаратура, пасля правядзення маркетынгавых даследаванняў будзе прынята рашэнне аб выпуску гэтых кніг у Беларусі. Паводле слоў першага намесніка генеральнага дырэктара ААТ "Белкніга" Генадзя Сілінскага, беларуская дэлегацыя таксама вывучала сістэму кнігагандлю ва Украіне.

"Варта адзначыць, што ў іх кніжных магазінах прадаюцца толькі кнігі, без канцтавараў і папярова-мелавой прадукцыі, - падкрэсліў ён. - У цэлым форум у Львове быў цікавы: можна было ўбачыць не толькі кнігі, якія перадаюць настрой і дух народа, але і аўдыторыю - тых, хто захапляецца кнігай сёння".

26-ы Форум выдаўцоў у Львове прайшоў з 18 па 22 верасня. У ім прынялі ўдзел больш за 300 выдаўцоў, якія прадставілі больш за 2 тыс. кніжных навінак. Асноўнай пляцоўкай форуму стаў Палац мастацтваў, усяго ж было задзейнічана 40 лакацый у музеях, бібліятэках, розных галерэях і тэатрах.

Форум уключаў больш за 700 мерапрыемстваў: семінары, прэзентацыі кніг, сустрэчы кнігавыдаўцоў.

25 верасня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/11-408/1/50023
Текущая дата: 24.11.2024