Белорусский портал в Казахстане

Мінчанам пакажуць інтэр`еры дамоў беларускай шляхты



23-я міжнародная спецыялізаваная выстава-кірмаш "Мэбля-2017" адбудзецца у Мінску 14-17 верасня.

Унікальныя музейныя экспанаты мэблі, што некалі ўпрыгожвалі дамы беларускай шляхты, узоры мэблі з масіва драўніны і лазы ручной работы, а таксама сучасная мэбля, у выкананні якой захаваны традыцыі старажытнабеларускай культуры, будуць прадстаўлены ў рамках брэндавага праекта "Беларускі дом" на міжнароднай выставе-кірмашы "Мэбля-2017" у Мінску.

У эксклюзіўнай экспазіцыі ўвазе наведвальнікаў прапануюць палюбавацца на беларускую мэблю розных эпох. Пры гэтым можна будзе не толькі азнаёміцца ​​з гісторыяй яе стварэння, традыцыямі ў афармленні інтэр`ераў, але і даведацца, як у сучасны дом могуць упісацца аксэсуары, якія ўпрыгожвалі жыллё нашых продкаў некалькі стагоддзяў таму.

"Мэта гэтага праекта — падкрэсліць арыгінальнасць і каларыт беларускага дома, абстаўленага брэндавай мэбляй айчыннай вытворчасці і дэкараванага прадметамі нацыянальнага прыкладнога мастацтва", — адзначае прэс-сакратар канцэрна "Беллеспаперапрам" Ружэна Навіцкая.

У "Беларускім доме" будзе нямала і сучаснай мэблі, вытрыманай у традыцыйным стылі. Айчынныя вытворцы ўважліва вывучылі спадчыну продкаў, у выніку наведвальнікі выставы ўбачаць і асаблівыя формы мэблевых дэталяў, і арыгінальныя каляровыя рашэнні, і выкарыстанне ў абівальным тэкстылі малюнкаў з элементамі слуцкіх паясоў і беларускага арнаменту. Нездарма слоганам праекта стала фраза "Беларуская мэбля — вернасць традыцыям".

"Экспазіцыя "Беларускі дом" стане цэнтральнай пляцоўкай выставы. На ёй пройдуць усе ўрачыстыя мерапрыемствы: цырымоніі адкрыцця і закрыцця выставы, узнагароджання пераможцаў конкурсаў і лаўрэатаў Міжнароднай спецыялізаванай выставы-кірмашу "Мэбля-2017", — адзначае кіраўнік выставачнага праекта Ганна Шкутко.

Выстава-кірмаш "Мэбля-2017" — найбуйнейшая спецыялізаваная выстава-кірмаш Беларусі. У ёй прымаюць удзел прадпрыемствы-вытворцы мэблевай прадукцыі і камплектуючых, прадпрыемствы аптовага і рознічнага гандлю Беларусі, краін СНД, замежныя фірмы, прадпрымальнікі.

Арганізатары: Нацыянальны выставачны цэнтр "Белэкспа", Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь сумесна з Міністэрствам гандлю, канцэрнам "Беллеспаперапрам" пры садзейнічанні Асацыяцыі прадпрыемстваў мэблевай і дрэваапрацоўчай прамысловасці Беларусі.

23-я міжнародная спецыялізаваная выстава-кірмаш "Мэбля-2017" адбудзецца 14-17 верасня ў Футбольным манежы на праспекце Пераможцаў, 20/2. Час працы: 14 верасня: з 12 да 19 гадзін, 15 -- 16 верасня: з 10 да 19 гадзін, 17 верасня: з 10 да 13 гадзін. Уваход вольны.

Аўтар: Сяргей Расолька
Звязда, 29 жніўня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/11-408/2/36757
Текущая дата: 24.11.2024