Белорусский портал в Казахстане

Навукоўцы з дзевяці краін абмяркуюць ролю сацыяльна-эканамічнай геаграфіі ў сучасным свеце



Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Сацыяльная і эканамічная геаграфія ў XXI стагоддзі: новыя рэаліі і практычныя магчымасці» пройдзе 19 лістапада ў БДУ. Навуковы форум арганізуюць у вочна-дыстанцыйным фармаце.

Больш за 200 экспертаў з Беларусі, Расіі, Казахстана, Германіі, Балгарыі, Кітая, Туркменістана, Таджыкістана, В’етнама абмяркуюць месца і ролю сацыяльна-эканамічнай геаграфіі і прасторавых даследаванняў у сучасным свеце. Дыскусія закране тэмы ГІС-картаграфавання краін і рэгіёнаў, іх дэмаграфічнай і эканоміка-геаэкалагічнай устойлівасці, развіцця турызму і іншыя.

Сярод удзельнікаў прадстаўнікі БДУ, БДЭУ, НАН Беларусі, БрДУ імя А.С. Пушкіна, ВДУ імя П.М. Машэрава, Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава, Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Маскоўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, Цвярскога дзяржаўнага ўніверсітэта, Паўночна-Каўказскага федэральнага ўніверсітэта, Казахскага нацыянальнага ўніверсітэта, В’етнамскай акадэміі грамадскіх навук, Універсітэта ў Варне (Балгарыя) і іншыя.

Праграма канферэнцыі ўключае таксама правядзенне Моладзевага навуковага форуму «Дэмаграфічныя рызыкі XXI стагоддзя». Яго ўдзельнікамі стануць студэнты, магістранты і аспіранты, якія прадставяць сваё бачанне абазначанай навуковай праблемы.

Па выніках усіх абмеркаванняў у Электроннай бібліятэцы БДУ надрукуюць матэрыялы дакладаў удзельнікаў. Таксама будзе выдадзены зборнік «Дэмаграфічныя рызыкі XXI стагоддзя».

Арганізатарам мерапрыемстваў выступае факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ.

Надзея Нікалаева
Звязда, 17 лістапада 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/11-410/1/61557
Текущая дата: 27.12.2024