Белорусский портал в Казахстане

МУС арганізавала свята на дзіцячай чыгунцы



У рамках навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» на дзіцячай чыгунцы імя К.С.Заслонава адбыўся тэатралізаваны паказ «У госці да Дзеда Мароза!».

Мерапрыемства ініцыявала міліцэйскае ведамства, каб незвычайна і яскрава павіншаваць дзяцей супрацоўнікаў цэнтральнага апарата і цэнтральнага падпарадкавання МУС, ГУУС Мінгарвыканкама з надыходзячымі навагоднімі святамі.

Юных гасцей і яго бацькоў сустракалі ветлівыя роставыя лялькі ў міліцэйскай форме мінулых гадоў. Жадаючых сфатаграфавацца з імі было традыцыйна шмат. Не менш прываблівала і выстава сучаснай і рэтра-тэхнікі органаў унутраных спраў.

У гэты час ззяючы агнямі цягнік ужо чакаў пасажыраў. У госці да хлопчыкаў і дзяўчынак прыехаў і намеснік міністра ўнутраных спраў Дзмітрый Карзюк. Ён пажадаў ім шчаслівага шляху і павіншаваў з надыходзячым Новым годам. А дзіцячай чыгунцы з нагоды яе 160-годдзя перадаў падарунак ад МУС — ноўтбук.

У дарозе юных пасажыраў і іх бацькоў забаўлялі вясёлыя аніматары. За вершамі, песнямі і загадкамі час праляцеў незаўважна.

Спектакль аб прыгодах навагодніх персанажаў, які так чакала дзятва, разгарнуўся на маляўнічай палянцы ля прыпыначнага пункта «Сасновы бор». Дзеці шчыра і эмацыйна суперажывалі казачным героям і цешыліся перамозе дабра над злом.

Як заўважыў намеснік міністра ўнутраных спраў Дзмітрый Карзлюк, гэтымі днямі па ўсёй краіне праходзяць святочныя мерапрыемствы, ад якіх не застаецца ў баку і міліцыя. «Нашы супрацоўнікі наведваюць дзіцячыя дамы, школы, віншуюць хлопчыкаў і дзяўчынак, дораць падарункі, — удакладніў ён. — Сёння мы пастараліся стварыць свята і для нашых дзяцей. Упэўнены, ён ім спадабаўся».

Аўтар: Вераніка Канюта
Звязда, 23 снежня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/11-411/1/67654
Текущая дата: 22.11.2024