Белорусский портал в Казахстане

На Радуніцу мінская міліцыя засяродзіць намаганні на ахове правапарадку і арганізацыі дарожнай бяспекі



21 красавіка, у дзень памяці памерлых, большасць гараджан традыцыйна наведаюць месцы пахаванняў, размешчаныя ў горадзе і за яго межамі.

У сувязі з гэтым мінская міліцыя надасць павышаную ўвагу ахове грамадскага парадку і арганізацыі бяспекі дарожнага руху ў месцах правядзення мерапрыемстваў, прымеркаваных да Радуніцы. 

На тэрыторыі Мінска размешчана 17 могілак. 

Як паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама, асаблівая ўвага арганізацыі дарожнай бяспекі будзе нададзеная на ўчастку МКАД у раёне Чыжоўскіх могілак і ўчастка праспекта Незалежнасці ў раёне Усходніх могілак. Тут пры неабходнасці будуць абмяжоўвацца хуткасныя рэжымы руху транспарту, плануюцца змены ў арганізацыі паркоўкі аўто і руху пешаходаў. 

У мэтах аптымізацыі дарожнага руху, у тым ліку працы грамадскага транспарту, будзе ўведзенае абмежаванне стаянкі прыватных аўтамашын на наступных участках: 

- па вул. Кульман на ўчастку ад вул. Багдановіча да вул. Крапоткіна; 

- па вул. Арлоўскай на ўчастку ад вул. Карастаянавай да пл. Бангалор; 

- па вул. Багдановіча на ўчастку ад пл. Бангалор да вул. Кульман; 

- па вул. Убарэвіча на ўчастку ад праезду Галадзеда да вул. Ташкенцкай; 

- па мясцовым праездзе ўздоўж пр. Незалежнасці ад вул. Русіянава да вул. Старынаўскай. 

З улікам масавага выезду мінчан за межы сталіцы дадатковыя сілы супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі будуць прыцягнутыя да месцаў выезду з горада. Намаганні інспектараў ДПС будуць скіраваныя на прадухіленне ўзнікнення затороў і дарожна-транспартных здарэнняў. 

Традыцыйна ў святочныя дні ГУУС Мінгарвыканкама звяртае ўвагу гараджан і гасцей сталіцы на ўмеранасць ва ўжыванні спіртнога, а таксама нагадвае пра забарону распівання алкагольных напояў, у тым ліку піва, у грамадскіх месцах. ГУУС таксама нагадвае пра неабходнасць быць пільнымі і інфармаваць органы ўнутраных спраў пра падазроных асоб, пра выяўленне прадметаў і рэчаў, пакінутых без нагляду.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 17 красавіка 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/11-411/5/30583
Текущая дата: 25.11.2024