Белорусский портал в Казахстане

Бакінскі музей мініяцюрнай кнігі папоўніўся экзэмплярам выдання вершаў Л.Дранько-Майсюка



Гэту кнігу падарыла музею з асабістага архіва намеснік старшыні Беларускага саюза жанчын Рэгіна Давідовіч, якая ў складзе дэлегацыі БСЖ наведала Баку.

Бакінскі музей мініяцюрнай кнігі папоўніўся экзэмплярам беларускага выдання вершаў Леаніда Дранько-Майсюка.

Такой кнігі раней не было ў гэтым музеі, хоць тут прадстаўлена амаль 7 тыс. выданняў больш як з 70 краін свету.

Музей мініяцюрнай кнігі ў Баку - адзіны ў свеце. Яго аснову складаюць экспанаты, сабраныя на працягу 30 гадоў Зарыфай Салахавай і перададзеныя музею. Тут ёсць мініяцюрныя кнігі, выдадзеныя як у дарэвалюцыйнай Расіі, так і ў савецкі час. У фондах ёсць рэдкія выданні Аляксандра Пушкіна, Карнея Чукоўскага, Агніі Барто, Мікалая Гогаля, Фёдара Дастаеўскага. Адна з самых старажытных кніг - Каран XVII стагоддзя. У музеі экспануюцца мініяцюрныя кнігі твораў вядомых азербайджанскіх класікаў, такіх як Вагіф, Хуршыдбану Натаван, Нізамі Гянджэві, Насімі, Фізулі, Самед Вургун, Мірза Фаталі Ахундаў. Многія з іх можна чытаць толькі з мікраскопам.

У беларускай экспазіцыі музея - выданні Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. Дарэчы, ёсць у экспазіцыі і мініяцюрная кніга аб візіце Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Азербайджан.

Стваральнік і кіраўнік музея Зарыфа Салахава на сустрэчы з дэлегацыяй Беларускага саюза жанчын адзначыла важнасць развіцця беларуска-азербайджанскіх сувязей, у тым ліку ў сферы кніжнага мастацтва.

Прадстаўніцы Беларускага саюза жанчын наведалі Баку па запрашэнню Дзяржаўнага камітэта па праблемах сям`і, жанчын і дзяцей.

27 снежня 2013, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/11/22/24565
Текущая дата: 15.11.2024