Белорусский портал в Казахстане

Беларусь прапанавала Ізраілю падрыхтаваць да падпісання пагадненне аб кароткатэрміновых бязвізавых паездках для грамадзян дзвюх краін



27 мая ў знешнепалітычным ведамстве Беларусі адбылася сустрэча начальніка галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС Аляксандра Астроўскага і начальніка ўпраўлення Афрыкі і Блізкага Усходу МЗС Ігара Ляшчэні з паслом Ізраіля ў Беларусі Іосіфам Шагалам.

Як паведаміла прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства, у ходзе сустрэчы Шагалу была перададзена нота з прапановай падрыхтаваць да падпісання пагадненне аб кароткатэрміновых (тэрмінам на 30 дзён) бязвізавых паездках для грамадзян дзвюх краін.

З ініцыятывай аб узаемнай адмене віз для грамадзян Беларусі і Ізраіля выступіў прэзідэнт Беларусі  Аляксандр Лукашэнка ў пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу 19 красавіка 2013 года. Кіраўніком дзяржавы было дадзена адпаведнае даручэнне МЗС і іншым зацікаўленым ведамствам.

Як адзначаецца ў паведамленні прэс-службы, узаемная адмена віз зробіць не толькі больш даступнымі для беларусаў святыя мясціны, звязаныя з узнікненнем і гісторыяй трох сусветных рэлігій, наведванне сваякоў, але і дазволіць Беларусі стаць больш адкрытай для ізраільцян.

У Ізраілі жыве больш чым мільён ураджэнцаў былога СССР, у тым ліку каля 120 тысяч выхадцаў з Беларусі.

Увядзенне бязвізавага рэжыму будзе садзейнічаць актывізацыі чалавечых кантактаў, развіццю турызму і дзелавых сувязей паміж дзвюма краінамі, падкрэсліваецца ў паведамленні прэс-службы МЗС Беларусі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 27 мая 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/11/24/21340
Текущая дата: 15.11.2024