Белорусский портал в Казахстане

Беларуская тэнісістка Сасновіч упершыню ўвайшла ў топ-30 рэйтынгу ВТА



Тры з чатырох беларускіх тэнісістак, якія ўваходзяць у першую сотню рэйтынгу ВТА, палепшылі свае пазіцыі пасля адкрытага чэмпіянату ЗША.

Аляксандра Сасновіч паднялася з 33-га на рэкорднае 30-е месца, Вера Лапко — з 72-га на 64-е, што таксама з`яўляецца найвышэйшым дасягненнем у кар`еры спартсменкі. Вікторыя Азаранка перамясцілася з 79-га на 61-шы радок, і гэта лепшы рэйтынг былой першай ракеткі свету пасля 3 красавіка 2017 года.

Цяперашні лідар беларускага жаночага тэніса Арына Сабаленка засталася на рэкордным 20-м месцы. На US Open яна выбыла ў чацвёртым крузе (1/8 фіналу), прайграўшы будучай пераможніцы турніру японцы Наомі Осацы.

Сасновіч і Азаранка спыніліся ў трэцім раўндзе, Лапко — у другім.

У парным рэйтынгу палепшылі асабістыя дасягненні Арына Сабаленка (паднялася з 73-га на 58-е месца) і Лідзія Марозава (з 50-га на 46-е). Азаранка перамясцілася з 428-га на 271-шы радок (найвышэйшым дасягненнем застаецца сёмае месца ў 2008 годзе).

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 10 верасня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/1/44862
Текущая дата: 03.05.2024