Белорусский портал в Казахстане

У НАК правадзілі беларускую дэлегацыю на II Зімовыя гульні «Дзеці Азіі»



У НАК Беларусі правадзілі спартыўную дэлегацыю Рэспублікі Беларусь на II Зімовыя міжнародныя спартыўныя гульні «Дзеці Азіі».

У беларускую каманду ўвайшлі 68 юных спартсменаў да 16 гадоў у 8 відах спорту: хакей з шайбай, сноўборд, скачкі на лыжах з трампліна, лыжныя гонкі, шорт-трэк, фігурнае катанне, канькабежны і гарналыжны спорт. Сярод атлетаў — чэмпіёны і прызёры Беларусі, рэкардсмены па відах спорту ў сваіх узроставых катэгорыях. З улікам трэнерскага, медыцынскага і адміністрацыйнага персаналу агульны склад беларускай дэлегацыі склаў больш за 90 чалавек. Падчас сустрэчы з пажаданнямі да ўдзельнікаў спаборніцтваў звярнуўся прэзідэнт НАК Беларусі Віктар Лукашэнка.

«Наша каманда ўпершыню прыме ўдзел у гэтых прэстыжных міжнародных спаборніцтвах, дзе таксама выступяць наймацнейшыя спартсмены з Расійскай Федэрацыі і іншых краін Азіі, — адзначыў кіраўнік НАК. — У вас ёсць магчымасць атрымаць каштоўную спаборніцкую практыку, набыць новых сяброў і пазнаёміцца з новымі месцамі, але самае галоўнае — гэта паказаць свету тое, чаму вы так доўга вучыліся і што ў вас уклалі трэнеры і бацькі. Хачу падкрэсліць, што вы зможаце выступаць пад нацыянальным сцягам. Наша дзяржава ўкладвае шмат сіл у дзіцяча-юнацкі спорт, таму, вядома, мы чакаем ад вас добрых вынікаў. Жадаю вам дамагчыся ўсіх мэтаў, якія вы перад сабой паставілі, і нагадаць, што фартуна ўсміхаецца толькі тым, хто хоча дамагчыся поспеху, таму ўсё залежыць ад вас. Ведайце, за вас будуць балець не толькі вашы родныя і блізкія, але і ўся краіна. Удачы!».

Другія зімовыя міжнародныя спартыўныя гульні «Дзеці Азіі» пройдуць з 23 лютага па 5 сакавіка ў Кемераве, Новакузнецку, Міжрэчанску і Таштагольскім раёне Кемераўскай вобласці. Удзельнікамі спаборніцтваў стануць 865 юных спартсменаў з 13 краін, усяго на гульнях будзе разыграна 57 камплектаў медалёў у дзесяці відах спорту.

Звязда, 22 лютага 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/1/68504
Текущая дата: 07.05.2024