Белорусский портал в Казахстане

Чатыры медалі выйгралі беларускія канькабежцы на студэнцкім ЧС у Амстэрдаме



Чатыры медалі выйгралі беларускія канькабежцы на чэмпіянаце свету сярод студэнтаў, які завяршыўся ў Амстэрдаме (Нідэрланды).

Найбольш удала планетарны форум склаўся для Ігната Галавацюка: беларус выйграў два срэбныя медалі ў стартах на 500 м і 1000 м. У абодвух відах праграмы перамогу святкаваў Ямата Мацуі, а бронзавыя медалі дасталіся яго суайчынніку Ватару Марысігу.

У забегах на 1500 м у мужчын бронзавую ўзнагароду выйграў яшчэ адзін беларус Віктар Рудэнка. Ён прапусціў наперад паляка Марціна Бацянека, які выйграў золата, і срэбнага прызёра з Расіі Аляксандра Падольскага.

Не засталіся ў Амстэрдаме без медалёў і прадстаўніцы жаночай зборнай. У камандным праследаванні бронзу выйгралі Ганна Кавалёва, Ганна Ніфантава і Яўгенія Вараб`ёва. Паперадзе беларусак фінішавалі дружыны Нідэрландаў і Польшчы.

Заключны дзень студэнцкага сусветнага форуму быў адменены ў сувязі з пандэміяй каранавіруса. Нідэрланды сталі чарговай еўрапейскай краінай, якая забараніла масавыя мерапрыемствы з колькасцю ўдзельнікаў большай за 100.

13 сакавіка 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/107/52025
Текущая дата: 20.11.2024