Белорусский портал в Казахстане

Працягваецца аказанне разнапланавага садзейнічання беларускім грамадзянам, якія маюць складанасці з вяртаннем дадому



Прамежкавымі рэзультатамі гэтай работы Міністэрства замежных спраў Беларусі падзялілася на сваёй афіцыйнай старонцы ў Facebook.

"На сённяшні дзень па выніках сумеснай работы з зацікаўленымі органамі дзяржаўнага кіравання і кампаніяй "Белавія" аказана дапамога больш як 3,4 тыс. нашых суайчыннікаў. Сярод іх група дзяцей з суправаджальнымі іх асобамі з санаторыя "Беларусь" у Юрмале, спартыўная дэлегацыя з Малдовы, чацвёра беларусаў з круізнага лайнера "Коста Пасіфіка", - расказалі ў міністэрстве.

У МЗС падкрэслілі, што ўспрымаюць бягучую сітуацыю як агульны выклік і пры магчымасці не адмаўляюць у дапамозе людзям з іншых краін. Такіх прыкладаў нямала.

Паводле ацэнак ведамства, у фокусе ўвагі сёння знаходзяцца яшчэ некалькі тысяч грамадзян Беларусі, якім патэнцыяльна ў бліжэйшы час можа спатрэбіцца садзейнічанне ў вяртанні.

"Працэс ідзе. Большасць вострых пытанняў ужо ўдалося вырашыць. Наладжана сістэмная адпраўка нашых грамадзян з Егіпта, сумесна з расійскім бокам дастаўляюцца грамадзяне з Тайланда, прапрацоўваецца эвакуацыя з Марока, вяртаюцца грамадзяне з Чарнагорыі, у транзітную схему вяртання праз Расію ўключаны аэрапорт Пулкава. Канструктыўна вырашаюцца сітуацыі па Літве, Польшчы і Украіне", - адзначылі ў МЗС.

Прынята новае распараджэнне ўрада Расіі, якое адкрывае "арганізаваны наземны транзіт" для вяртання грамадзян краін СНД (уключаючы Беларусь) на радзіму. У сувязі з гэтым у пастаянным цесным кантакце з расійскім бокам пры актыўнай падтрымцы пасла Расіі ў Беларусі і дыпламатаў вядзецца работа па максімальна хуткім вызначэнні механізмаў і схемы рэалізацыі такога транзіту.

"Напярэдадні праведзена нарада ў МУС Расіі, па выніках якой выпрацаваны дадатковыя варыянты перамяшчэння ў Беларусь нашых грамадзян, якія прыбываюць у аэрапорт Унукава. У прыватнасці размова ідзе аб магчымасці іх вылету з аэрапортаў Дамадзедава і Шарамецева, а таксама наземнага выезду на радзіму. У якасці варыянта дастаўкі грамадзян у аэрапорты разглядаецца транспарт пасольства Беларусі ў РФ. Працуем сумесна з расійскім бокам па канчатковым узгадненні алгарытмаў у мэтах пачатку іх практычнай рэалізацыі", - гаворыцца ў паведамленні.

Паводле інфармацыі міністэрства, захоўваецца праблемная сітуацыя па Індыі, у тым ліку з беларусамі, якія засталіся на Гоа. Ідзе актыўнае ўзаемадзеянне з расійскім бокам у сувязі з тым, што грамадзяне былі дастаўлены туды расійскімі авіяперавозчыкамі. Для пошуку шляхоў вырашэння пытання праведзены рабочыя мерапрыемствы на ўзроўні вышэйшага кіраўніцтва Міністэрства транспарту, а таксама па лініі Федэральнага агенцтва паветранага транспарту Расіі. Разглядаюцца розныя варыянты, у тым ліку накіраванне дадатковых бартоў.

"Разлічваем, што ў самыя бліжэйшыя дні сумеснымі намаганнямі мы знойдзем вырашэнне пытання. Заклікаем адсочваць абнаўляльную на пастаяннай аснове рэлевантную інфармацыю на сайтах беларускіх загранустаноў і ў сацыяльных сетках, у тым ліку Міністэрства замежных спраў", - дадалі ў ведамстве.

23 сакавіка 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/108/52219
Текущая дата: 26.12.2024