У кваліфікацыйнай групе А падапечныя Юрыя Шаўцова занялі другое месца, што дазволіла ім працягнуць барацьбу на кантынентальным першынстве.
У матчы заключнага тура беларусы атрымалі ўпэўненую перамогу над камандай Чарнагорыі — 36:27. Нагадаем, на старце першага групавога этапу наша зборная перамагла сербаў (35:30), а затым прайграла харватам (23:31).
Пасля завяршэння першага этапу ў асноўны раўнд выйшлі па дзве найлепшыя зборныя з шасці папярэдніх квартэтаў. Цяпер 12 каманд будуць падзеленыя на дзве групы, з якіх у паўфінал пройдуць па дзве найлепшыя зборныя. Сапернікамі беларускіх гандбалістаў у асноўным раўндзе сталі зборныя Харватыі, Іспаніі і Германіі, а таксама дзве найлепшыя каманды групы В — гэта Аўстрыя і пераможца матча Македонія — Чэхія.
— Мы выканалі тое, што запланавалі на папярэдні раўнд, — паводзіць прамежкавыя вынікі галоўны трэнер зборнай Беларусі Юрый Шаўцоў. — На старце турніру абыгралі сербаў, паспрабавалі даць бой харватам, але гэта было даволі цяжка, у зборнай Харватыі сабраны высакакласныя гульцы, а калі яе гандбалісты моцна матываваныя — з імі яшчэ цяжэй справіцца. Па тым, як хлопцы змагаліся, — ні да кога няма ніякіх прэтэнзій. Матч з чарнагорцамі быў вырашальным за выхад у асноўны раўнд турніру, мы да гэтага ішлі і ментальна былі гатовыя да дуэлі менавіта з гэтым апанентам. Рады за наш калектыў, у нас добрая атмасфера ў зборнай. Ва ўсіх хлопцаў ёсць мара — і яна рухае нас наперад. Пакуль у мяне няма ніякіх чаканняў ад асноўнага раўнда, проста радуемся таму, што зрабілі першы крок. Цяпер ёсць час аднавіцца, бо хлопцы аддалі шмат сіл.
Матчы асноўнага раўнда пройдуць 16, 18, 20 і 22 студзеня ў Вене. Паўфінальныя матчы адбудуцца 24 студзеня, наступная сустрэча за «бронзу» пройдзе 25 студзеня, вырашальны паядынак за чэмпіёнскі тытул адбудзецца 26 студзеня ў Стакгольме.
Нагадаем, два гады таму «золата» еўрапейскага першынства заваявалі гандбалісты Іспаніі, якія перамаглі ў фінале каманду Швецыі, бронзавымі прызёрамі сталі французы, якія абыгралі датчан. Зборная Беларусі заняла 10-е месца. Наогул найлепшым вынікам беларускіх гандбалістаў на чэмпіянатах Еўропы з`яўляецца 8-е месца, заваяванае ў 1994 годзе ў Партугаліі.
Аўтар: Дар`я Лабажэвіч
Звязда, 15 студзеня 2020
Звязда, 15 студзеня 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/112/51376
Текущая дата: 20.11.2024