Белорусский портал в Казахстане

Дом гандбола адкрыўся ў Мінску



Новы спартыўны цэнтр размясціўся па вуліцы Бурдзейнага ў Фрунзенскім раёне, які небагаты на спартыўныя збудаванні.

Будаўніцтва комплексу пачалося ў верасні 2017 года, а ўведзены ў эксплуатацыю ён быў ужо 29 снежня 2018 года.

Ініцыятарам будаўніцтва цэнтра стала Беларуская федэрацыя гандбола, якая лічыць, што з`яўленне профільнага аб`екта ў густанаселеным раёне сталіцы дазволіць сур`ёзна палепшыць сітуацыю з рэзервам, папулярызаваць гандбол і ўдасканаліць сістэму падрыхтоўкі спартсменаў высокага класа па гандболе на ўзроўні вышэйшага звяна.

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Дома гандбола прысутнічалі ганаровыя госці: кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў, старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак, легендарны айчынны трэнер Спартак Мірановіч, алімпійскія чэмпіёны Аляксандр Каршакевіч, Юрый Шаўцоў, Канстанцін Шаравараў, Андрэй Барбашынскі, шасціразовы пераможца Лігі чэмпіёнаў Сяргей Рутэнка, а таксама міністр спорту і турызму краіны Сяргей Кавальчук, старшыня Федэрацыі гандбола Беларусі Уладзімір Канаплёў і старшыня Міжнароднай федэрацыі гандбола Хасан Мустафа.

Сяргей Кавальчук выказаў упэўненасць у тым, што новы спартыўны аб`ект дазволіць айчыннай школе гандбола зрабіць якасны крок наперад.

«Апошнім часам Мінск становіцца арэнай для важных міжнародных падзей, такіх як Еўрапейскія гульні або лёгкаатлетычны матч Еўропа — ЗША. Адкрыццё Дома гандбола — не такое маштабнае мерапрыемства, аднак для развіцця беларускага спорту ў цэлым і гандбола ў прыватнасці яно не менш істотнае. Сваімі гучнымі перамогамі на міжнароднай арэне нашы гандбалісты заслужылі з`яўленне такога аб`екта», — адзначыў міністр.

Комплекс уключае гульнявую пляцоўку плошчай 1,2 тыс. кв. м з трыбунамі на 250 гледачоў, трэнажорную залу, залу гімнастыкі, адміністрацыйны корпус з душавымі, распранальнямі, пакоямі трэнераў.

Гандбольны цэнтр разлічаны для трэніровак як дзіцячых камандаў, так і нацыянальных зборных. Яго паркет, які, дарэчы, выбіраў сам Сяргей Рутэнка, ужо апрабавала мужчынская зборная краіны. Уладзімір Канаплёў адзначыў, што падобнае пакрыццё было выкарыстана на Алімпійскіх гульнях, яно бяспечнае для спартсменаў і зніжае магчымасць атрымання траўмы.

«Пабудаваць аб`ект было няпроста, ён каштаваў тры з невялікім мільёны долараў, хоць было разлічана, што давядзецца выдаткаваць на яго больш за чатыры мільёны. Гэта значыць, у нас яшчэ засталіся грошы на тое, каб мы змаглі пабудаваць комплекс для гульні ў пляжны гандбол. Ён якраз будзе каштаваць крыху больш за мільён долараў», — расказаў Уладзімір Мікалаевіч.

Невыпадкова, што на адкрыцці Дома гандбола ў Мінску пабывалі кіраўнік Міжнароднай федэрацыі Хасан Мустафа і генеральны сакратар Еўрапейскай гандбольнай федэрацыі Марцін Хаўстляйнэр.

У 2026 годзе Мінск разлічвае правесці чэмпіянат Еўропы па гандболе, сустрэча Сяргея Кавальчука з гасцямі — першы крок у гэтым кірунку. Хасан Мустафа і Марцін Хаўстляйнэр азнаёміліся з інфраструктурай Мінска і падзяліліся сваімі цёплымі ўражаннямі ад нашай краіны.

 «Я быў у Мінску 12 гадоў таму і цяпер уражаны ўбачаным. Мінск змяніўся, і я віншую Беларусь з тым, што тут з`явіліся такія добрыя ўмовы для жыцця і заняткаў спортам. Ведаю, што ў вашай краіне прайшло шмат буйных турніраў, я ўпэўнены, у далейшым колькасць такіх падзей будзе толькі павялічвацца», — адзначыў Хасан Мустафа.

Аўтар: Дар`я Лабажэвіч
Звязда, 17 кастрычніка 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/118/50351
Текущая дата: 20.11.2024