Белорусский портал в Казахстане

Футбалісты БАТЭ не выйшлі ў групавы этап Лігі Еўропы, уступіўшы "Астане"



Футбалісты барысаўскага БАТЭ не змаглі прабіцца ў групавы этап Лігі Еўропы, уступіўшы па суме дзвюх сустрэч казахстанскай "Астане".

У паядынку ў адказ раўнда плэй-оф Лігі Еўропы 29 жніўня на полі "Барысаў-Арэны" гаспадары перамаглі з лікам 2:0.

Тыдзень таму ў Нур-Султане казахстанскі чэмпіён перамог з лікам 3:0 і прадоўжыць выступленне ў еўракубках.

Сустрэчу барысаўчане пачалі вельмі актыўна, і ўжо на 6-й мінуце Максім Скавыш адкрыў лік. Гаспадары прадаўжалі атакаваць, мелі нямала магчымасцей павялічыць сваю перавагу, але да перапынку забіць другі мяч не змаглі. У другой палавіне сустрэчы падапечныя Аляксея Багі таксама валодалі ініцыятывай, і на 85-й мінуце далёкі ўдар Яўгена Яблонскага дасягнуў цэлі - 2:0.

У астатні час чэмпіёны Беларусі маглі забіць трэці гол, але мяч у вароты больш не трапіў. БАТЭ завяршыў свой еўракубкавы сезон. Футбалісты "Астаны", у якой гуляе беларускі паўабаронца Іван Маеўскі, даведаюцца пра сваіх сапернікаў па групавым этапе Лігі Еўропы 30 жніўня пасля лёсавання, якое пройдзе ў Манака.

30 жніўня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/123/49541
Текущая дата: 20.11.2024