Белорусский портал в Казахстане

Беларускія ваеннаслужачыя атрымалі перамогу ў конкурсе "Снайперскі рубеж", які ўключаны ў праграму АрМІ-2019



Аб гэтым паведаміў галоўны суддзя конкурсу, намеснік камандуючага сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Беларусі Уладзімір Белы.

"Адбылося пасяджэнне судзейскай камісіі, рэзультаты конкурсу зацверджаны. Трэцяе месца заняла каманда Казахстана, другое дасталася прадстаўнікам Расіі. Гаспадары конкурсу заваявалі залаты медаль - у нас першае месца", - расказаў Уладзімір Белы.

Ён адзначыў, што падрыхтоўка да "Снайперскага рубяжа" ва ўсіх удзельнікаў была каласальнай.

"Відаць, наколькі павысіліся рэзультаты. Параўноўваючы па асобных практыкаваннях, этапах, можна сказаць, што ёсць значны прагрэс. На некалькі пунктаў адбыўся рост майстэрства снайперскіх пар", - падкрэсліў намеснік камандуючага ССА.

Трэцяе месца сярод снайперскіх пар занялі ваеннаслужачыя з Казахстана, на першай і другой пазіцыях размясціліся прадстаўнікі Беларусі. У індывідуальным заліку снайпераў трэцяе месца заваяваў расіянін, другое і першае месца падзялілі беларусы.

"Мы таксама правялі заахвочвальны этап, вызначылі лепшую змешаную міжнародную снайперскую пару. У гэтай намінацыі перамаглі снайперы, якія прадстаўляюць Узбекістан і Сербію", - дадаў Уладзімір Белы.

У "Снайперскім рубяжы" прынялі ўдзел каманды з 21 краіны. Яны выяўлялі лепшых у індывідуальным і парным заліках, а таксама ў біятлоне, які прайшоў у выглядзе эстафеты.

На палігоне пад Брэстам гэтымі днямі ў рамках АрМІ-2019 таксама праходзіць конкурс "Палярная зорка" сярод ваеннаслужачых падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння. За званне мацнейшага спаборнічаюць каманды разведчыкаў Беларусі і Расіі.

Пройдзена палавіна выпрабаванняў. У час першага этапу ацэньвалася падрыхтоўка асабовага складу, як індывідуальная, так і групы ў цэлым. На другім ваеннаслужачыя рабілі 30-кіламетровы марш-кідок з выкананнем розных нарматываў.

Сёння завяршыўся трэці этап. Асабовы склад групы спецыяльнага прызначэння выконваў практыкаванне "Рух па азімуце з канфіскацыяй тайніка і пераадоленне мінна-ўзрыўнога ўчастка мясцовасці".

Паводле слоў трэнера беларускай каманды Мікалая Смяховіча, сапернікі паказваюць высокія рэзультаты, ідуць плячо ў плячо. Па выніках трох з шасці этапаў наперадзе беларусы.

"Пакуль гаварыць, хто будзе першым, рана. Шмат што вырашыцца сёння ноччу, калі будзе начная стральба ў складзе групы. Заўтра раніцай у нас зноў жа стральба ў складзе групы, шосты этап - марш-кідок з пераадоленнем паласы перашкод і эвакуацыя групы на верталёце", - растлумачыў Мікалай Смяховіч.

13 жніўня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/125/49202
Текущая дата: 20.11.2024