Белорусский портал в Казахстане

Польшча спадзяецца правесці Еўрапейскія гульні гэтак жа добра, як і Беларусь



Аб гэтым 22 жніўня заявіў віцэ-маршал польскага Сейма Рышард Тарлецкі.

Польская парламенцкая дэлегацыя на чале з віцэ-маршалам Сейма знаходзіцца з візітам у Беларусі па 23 жніўня. Парламентарыі правядуць перагаворы ў Міністэрстве спорту і турызму, дзе абмяркуюць у прыватнасці досвед правядзення Еўрапейскіх гульняў.

Паводле слоў Рышарда Тарлецкага, для польскага боку гэта важнае пытанне. "Мы хочам, каб Еўрапейскія гульні ў Польшчы былі праведзены гэтак жа добра, як у Мінску", - сказаў ён.

Дэлегацыя ў час візіту ў Беларусь пабывае ў Мядзельскім і Глыбоцкім раёнах, дзе сустрэнецца з прадстаўнікамі мясцовых улад. Таксама будзе абмяркоўвацца развіццё супрацоўніцтва ў турызме.

"У сувязі з гэтым мы з вялікай радасцю прымаем навіны аб тым, што магчымасці наведаць Беларусь без візы пашыраюцца", - падкрэсліў Рышард Тарлецкі.

У сваю чаргу намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук адзначыў, што польскім калегам будзе карысны беларускі вопыт правядзення Еўрапейскіх гульняў. Ён таксама акцэнтаваў увагу на развіцці супрацоўніцтва ў турыстычнай сферы. Яго патэнцыял можа быць задзейнічаны больш, у тым ліку дзякуючы пашырэнню бязвізавага рэжыму ў Беларусі.

Як паведамлялася, у жніўні Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ нумар 300 "Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян".

Аб`ядноўваюцца дзве бязвізавыя зоны Брэсцкай і Гродзенскай абласцей у адну. У яе ўключаюцца яшчэ пяць раёнаў Гродзенскай вобласці: Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Лідскі і Шчучынскі. Пры гэтым тэрмін бязвізавага знаходжання ў турыстычных мэтах павялічваецца да 15 сутак для грамадзян 73 дзяржаў.

Новыя правілы ўступяць у сілу 10 лістапада, цяпер у гэтых зонах заходніх абласцей дзейнічае 10-дзённы бязвіз. Праз Нацыянальны аэрапорт Мінск без візы можна ўехаць на тэрмін да 30 дзён. II Еўрапейскія гульні праходзілі ў Мінску з 21 па 30 чэрвеня. Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыгралі 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту. III Еўрапейскія гульні плануецца правесці ў Польшчы ў 2023 годзе.

22 жніўня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/125/49373
Текущая дата: 20.11.2024