Белорусский портал в Казахстане

Падрыхтоўка да будаўніцтва ў Мінску нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага стандарту абмеркавана на сустрэчы ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі



Гэтыя аб`екты плануецца пабудаваць за кошт бязвыплатнай тэхніка-эканамічнай дапамогі Кітая.

На разгляд былі вынесены праекты ўказаў аб будаўніцтве стадыёна і басейна.

"У час майго апошняга візіту ў Кітай Сі Цзіньпін прадэманстраваў усім нам макеты гэтых аб`ектаў. Падкрэслю - будаўніцтва такіх спартыўных аб`ектаў у Мінску ў рамках супрацоўніцтва Беларусі і Кітая з`яўляецца беспрэцэдэнтным і павінна стаць прыкладам для іншых праектаў, якія плануецца рэалізаваць у будучым", - заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што такія спартыўныя аб`екты даўно планавалася пабудаваць.



"Вядома, гэта вялікія затраты. Зразумела, што такія грошы заўсёды знаходзяцца з цяжкасцю, паколькі ніводны прыватнік, думаю, за гэтыя аб`екты не возьмецца. А з дзяржаўнага бюджэту грошы вы ведаеце, куды ідуць. Але я ў свой час папрасіў Сі Цзіньпіна, каб ён дапамог нам у будаўніцтве гэтых аб`ектаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама расказаў, што беларускі бок па гэтым пытанні звяртаўся не толькі да КНР, але і іншых краін: "Але там грошай не знайшлося або жадання. А Кітайская Народная Рэспубліка і яе кіраўнік адгукнуліся".

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу, што вельмі важна стварыць усе неабходныя ўмовы, каб пабудаваць басейн і стадыён у самы кароткі тэрмін, на належным узроўні і па міжнародных стандартах.

"Я прасіў падрыхтаваць праекты ўказаў з упорам на гэта. Каб мы, атрымаўшы бясплатныя грошы, не валакіцілі кітайцаў. Гэта яны будуць будаваць гэты аб`ект. Вядома, з нашых матэрыялаў, нашы людзі будуць там працаваць у асноўным. Але каб у кітайцаў не было скагаў, што ў нас там нейкія незразумелыя стандарты, якія засталіся, напэўна, ні тое што з савецкіх часоў, да рэвалюцыі яшчэ па некаторых з іх будавалі. Аб гэтым я папярэджваў ужо і міністра, і прэм`ер-міністра, што павінны быць уведзены еўрапейскія стандарты. Пакінуць трэба толькі там, дзе мы бачым, што нашы стандарты не горшыя. Але тут мы будзем будаваць па міжнародных стандартах", - заявіў Прэзідэнт.

"Кітайскі бок гатовы пачаць будаўніцтва ў першай палавіне наступнага года, - адзначыў беларускі лідар. - Гатовы і пачне, Мікалай Генадзьевіч (намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Мікалай Снапкоў.). У нашых жа інтарэсах забяспечыць бездакорнае выкананне дамоўленасцей з кітайскім бокам. Таму я і кажу: пачне. Таму што гэта залежыць сёння толькі ад нас".

Перад службовымі асобамі Аляксандр Лукашэнка паставіў шэраг пытанняў. Па-першае, як ідзе падрыхтоўка будаўнічых пляцовак.

"Мы павінны падрыхтаваць тое месца, дзе будуць пабудаваны гэтыя аб`екты і перадаць кітайскаму боку для будаўніцтва. Але я ведаю, што ёсць праблемы з грунтам, асабліва ў раёне будаўніцтва плавальнага басейна і рабочыя моманты (але іх трэба вырашаць) па размяшчэнні нацыянальнага стадыёна. Таксама маецца на ўвазе пляцоўка", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама звярнуў увагу, каб у месцы будаўніцтва не секлі лішнія дрэвы.

"Хаця я разумею - там шмат дрэў ужо старых, іх усё роўна трэба было мяняць. Калі мы высякаем 10-20 дрэў, то мы павінны замест гэтага высадзіць дрэвы побач або ў іншых месцах. Парадак вызначаны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па-другое, Прэзідэнт выказаў сумненні наконт прапановы вызначыць у якасці адказных за будоўлі "Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па водных відах спорту" і "Нацыянальны алімпійскі стадыён "Дынама".

"У мяне сумненні і пытанне: чаму мы аддаём на гэтыя арганізацыі гэтыя будоўлі? Насцярожанасць, ці не хочуць міністры і вялікія начальнікі на чыесьці плечы скінуць адказнасць. Ці справіцца стадыён "Дынама" з кантрольнымі функцыямі па ўвядзенні Нацыянальнага футбольнага стадыёна і ці справіцца рэспубліканскі цэнтр па водных відах спорту з узвядзеннем плавальнага басейна міжнароднага стандарту? Ці змогуць яны забяспечыць інжынерна-тэхнічнае, юрыдычнае суправаджэнне і эксплуатацыю аб`ектаў на высокім узроўні?" - паставіў пытанні беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што басейн і стадыён будуць пабудаваны да 2023 года. "Гэта не за гарамі. І ўжо сёння неабходна планаваць і прапрацоўваць правядзенне адпаведных міжнародных спаборніцтваў вышэйшага ўзроўню на гэтых аб`ектах. Дарэчы, гэта будзе падганяць будаўнікоў і ўсіх начальнікаў - своечасова завяршыць гэтыя будоўлі", - сказаў ён.

"Стадыён і плавальны басейн мы будзем будаваць. Яны нам вельмі патрэбны, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Таму што гэта не дзяржава, якая не мае такіх нацыянальных аб`ектаў". Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым адзначыў, што футбол у Беларусі з`яўляецца народным відам спорту і спортам нумар адзін, якім займаецца больш за ўсё людзей.

"І не мець футбольнага нацыянальнага стадыёна, дзе будзе выступаць нацыянальная зборная, гуляць лепшыя нашы клубы, праводзіцца матчы міжнароднага ўзроўню, гэта нядобра", - лічыць кіраўнік дзяржавы. Што датычыцца плавання, то гэта, нараўне з лёгкай атлетыкай, медаляёмкі від спорту.

"Школа ў нас нядрэнная. Трэба рыхтавацца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Шчыра кажучы, у футбол мы гуляць не ўмеем, плаваць развучыліся. Але гэта асобная размова ў мяне будзе з профільнымі міністрамі і іншымі спартыўнымі арганізацыямі", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

6 жніўня 2019, Мінск
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/126/49136
Текущая дата: 20.11.2024