Белорусский портал в Казахстане

Тэнісісткі Эвеліна Ласкевіч і Марыя Сцацэвіч заваявалі золата на ЕЮАФ у Баку



Беларускія тэнісісткі Эвеліна Ласкевіч і Марыя Сцацэвіч заваявалі залатыя медалі на XV летнім Еўрапейскім юнацкім алімпійскім фестывалі ў Баку.

У парным разрадзе фіналу беларускі дуэт быў мацнейшы за расіянак Кацярыну Маклакаву і Марыю Шолахаву - 6:7, 6:3, 10:6. Як і чакалася, матч за залатыя медалі атрымаўся ўпартым. Расіянкі без памылак правялі канцоўку першага сэта і павялі 1:0, але Эвеліна Ласкевіч і Марыя Сцацэвіч лепш адыгралі ля сеткі і дабіліся важнай перамогі.

"Згулялі добры матч і паказалі ўсё, што можам і ўмеем. Залатая ўзнагарода алімпійскага фестывалю - важкі вынік у кар`еры. Упершыню гулялі супраць гэтай расійскай пары. Дзяўчаты паказвалі класны тэніс, але ў важныя моманты мы дзейнічалі больш востра і траплялі ў корт", - расказала прэс-службе НАК Беларусі пасля гульні Марыя Сцацэвіч.

Для беларускай каманды на Еўрапейскім юнацкім фестывалі гэта чацвёрты залаты медаль.

Раней на вышэйшую прыступку п`едэстала гонару ў Баку ўзнімаліся барцы Глеб Макаранка, Хрысціна Здункевіч, Яна Траццяк.

У актыве беларусаў на ЕЮАФ ужо дзесяць узнагарод. Сёння барацьбу за медалі прадоўжаць лёгкаатлеты і валейбалісты.

Еўрапейскі юнацкі алімпійскі фестываль у Баку завершыцца 27 ліпеня.

26 ліпеня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/127/48937
Текущая дата: 20.11.2024