Белорусский портал в Казахстане

Беларускія атлеты заваявалі 14 узнагарод на турніры па барацьбе на прызы Аляксандра Мядзведзя



Беларускія атлеты заваявалі 14 медалёў на 49-м Міжнародным турніры па вольнай барацьбе сярод мужчын і жанчын на прызы трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя, які прайшоў у мінскім Палацы спорту.

На вышэйшую прыступку п`едэстала гонару ўзняўся беларус Уладзіслаў Андрэеў (вагавая катэгорыя да 57 кг). Залатыя медалі таксама заваявалі яго партнёры па камандзе Яўгенія Андрэйчыкава (68 кг), Васіліса Марзалюк (76 кг), Ірына Курачкіна (57 кг) і Юлія Пісарэнка (59 кг).

Беларускі барэц Нюргун Скрабін (65 кг) у фінальнай схватцы не здолеў перамагчы расіяніна Іслама Дудаева і заняў другое месца.

На трэцяй пазіцыі размясціліся турак Селім Казан і беларус Георгій Каліеў. Яго таварыш па камандзе Расул Ціхаеў (79 кг) саступіў у вырашальным паядынку за золата расіяніну Магамеду Рамазанаву.

Таксама на другую прыступку п`едэстала падымаліся Іван Янкоўскі (92 кг) і Надзея Буланая (59 кг).

Бронзавыя ўзнагароды дасталіся беларусам Васілю Паўлючэнку (92 кг), Дзянісу Храмянкову (97 кг), Антаніне Сінкавец (53 кг) і Ксеніі Станкевіч (50 кг).

Для беларускіх атлетаў мінскі турнір стаў рэпетыцыяй перад чэмпіянатам свету, які пройдзе 14-22 верасня ў Нур-Султане (Казахстан).

Удзел у спаборніцтвах на прызы Аляксандра Мядзведзя прынялі 203 атлеты з 14 краін, беларускую каманду прадстаўлялі больш за 50 спартсменаў.

Імянныя турніры на прызы Мядзведзя праводзяцца ў Мінску з 1970 года. З 1994-га па рашэнні Міжнароднай федэрацыі аб`яднаных стыляў барацьбы (FILA) спаборніцтву прысвоена катэгорыя Гран-пры.

Рэкорд па колькасці краін-удзельніц (47) устаноўлены на 30-м турніры ў 2000 годзе.

Аляксандр Мядзведзь тройчы (у 1964, 1968 і 1972 гадах) станавіўся алімпійскім чэмпіёнам, яшчэ сем разоў (1962, 1963, 1966, 1967, 1969-1971 гады) выйграваў чэмпіянаты свету. Чатыры разы беларускаму барцу не было роўных у Еўропе і 9 разоў - у першынстве СССР. Ён прызнаны лепшым барцом вольнага стылю ХХ стагоддзя.

12 жніўня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/128/49218
Текущая дата: 27.12.2024