Белорусский портал в Казахстане

Дзесяць беларускіх атлетаў увайшлі ў склад каманды Еўропы на матч з ЗША



Аб гэтым расказаў 13 жніўня у прэс-цэнтры Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі прэзідэнт Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі Свен Арнэ Хансэн.

Дзесяць беларускіх спартсменаў увайшлі ў склад каманды Еўропы на лёгкаатлетычны матч з ЗША, які 9-10 верасня пройдзе на мінскім стадыёне "Дынама".

"Упэўнены, еўрапейская каманда на гістарычным матчы з ЗША будзе прадстаўлена мацнейшымі атлетамі. Адзначу, што дзесяць беларускіх спартсменаў (два мужчыны і восем жанчын) увайшлі ў склад", - адзначыў Свен-Арнэ Хансэн.

Прозвішчы вядучых беларускіх лёгкаатлетаў назваў старшыня БФЛА Вадзім Дзевятоўскі, які адзначыў, што ў камандзе Еўропы яны будуць на вядучых ролях.

У скачках у вышыню выступяць Максім Недасекаў і Дзмітрый Набокаў.

У жаночай зборнай Еўропы пачнуць спаборніцтвы Таццяна Халадовіч (кіданне кап`я), Настасся Мірончык-Іванова (скачкі ў даўжыню), Карына Таранда (скачкі ў вышыню), Ганна Малышчык (кіданне молата), Ірына Жук (скачкі з шастом), Дар`я Барысевіч (бег на 1500 м), Алёна Дубіцкая (штурханне ядра).

Адным з лідараў еўрапейскай каманды стане першы нумар кантынентальнага рэйтынгу ў бегу на 100 м з бар`ерамі рэкардсменка Беларусі сярод моладзі Эльвіра Герман.

У камандзе еўрапейскай дружыны з краін Старога Свету - скакуха з Расіі Марыя Ласіцкене, бягун з Турцыі Раміль Гуліеў, паляк Пётр Лісек (скачкі з шастом).

Спадзяецца паказаць свае лепшыя рэзультаты ў сезоне Кацярына Стэфанідзі з Грэцыі, якая з`яўляецца алімпійскай чэмпіёнкай 2016 года ў скачках з шастом.

Канчатковы склад каманды Еўропы вызначыцца на працягу тыдня. Лёгкаатлетычны матч ЗША - Еўропа пройдзе 9-10 верасня на мінскім стадыёне "Дынама".

Чакаецца, што ўдзел у спаборніцтвах прымуць амаль 350 атлетаў. У праграму ўключаны кіданне молата, кіданне кап`я, кіданне дыска, бег на 100 м, 100 м з бар`ерамі, 110 м з бар`ерамі, 200 м, 400 м, 400 м з бар`ерамі, 800 м, 1500 м, 3000 м, 3000 м з перашкодамі, эстафетны бег 4x100 м, змешаная эстафета (200-200-400-800 м), штурханне ядра, трайны скачок, скачкі ў вышыню, скачкі ў даўжыню, скачкі з шастом.

Агульны прызавы фонд лёгкаатлетычнага матчу Еўропа - ЗША складзе 818 тыс. еўра. Пераможца спаборніцтваў у кожнай дысцыпліне атрымае 7 тыс. еўра, срэбны прызёр - 5 тыс., бронзавы - 4 тыс.

Не застануцца без узнагарод і тыя, хто не зойме месца на п`едэстале, - за фініш на сёмай або восьмай пазіцыі належыць 500 еўра.

Ініцыятарам правядзення матчу выступіў прэзідэнт Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі, такія спаборніцтвы не праводзіліся з 1970-х гадоў, калі вялікая цікавасць была прыкавана да міжнародных матчавых сустрэч, напрыклад, СССР - ЗША.

13 жніўня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/128/49221
Текущая дата: 27.12.2024