Белорусский портал в Казахстане

Ва ўпраўленні па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій МУС не выключаюць, што павышаная цікавасць прыхільнікаў спорту да Мінска можа прыцягнуць кіберзлачынцаў



Такая інфармацыя размешчана на сайце МУС.

Вялікія спартыўныя падзеі могуць прыцягваць увагу кардараў

Намеснік начальніка ўпраўлення "К" МУС Кірыл Вяткін расказаў, што за апошні год у поле зроку беларускай міліцыі трапілі злачынныя групы, якія ўстанаўлівалі ў банкаматах спецыяльныя ўстройствы для нелегальнага счытвання інфармацыі - скімеры.

Прычым адна з груп, якая складалася з двух беларусаў, праяўляла інтарэс менавіта да спартыўных падзей. Іх удалося выявіць і затрымаць мінулым летам на стадыі падрыхтоўкі - злачынцы планавалі адправіцца ў Маскву, дзе праходзіў футбольны мундыяль.

Дуэт загадзя набыў абсталяванне даволі высокага ўзроўню: спецыяльнае ўстройства, якое счытвала даныя магнітнай паласы банкаўскай карткі, змяшчалася ўнутр карткапрыёмніка і візуальна карыстальнікамі банкаматаў ніяк не ідэнтыфікавалася, а кампактная накладная відэакамера для фіксавання ПІН-кодаў была стылізавана пад абсталяванне банкамата і таксама заставалася незаўважнай.

Зламыснікі нават паспелі пратэставаць набытае абсталяванне ў адным з расійскіх абласных цэнтраў.

"Падкрэслю, удзельнікаў групы прыцягвалі гарады, дзе чакалася шмат футбольных балельшчыкаў і турыстаў. Агульнапрынятая сусветная практыка паказвае, што павелічэнне такіх злачынстваў супадае з правядзеннем буйнамаштабных спартыўных мерапрыемстваў. Таму з улікам правядзення II Еўрапейскіх гульняў мы ўзмацняем аператыўную і прафілактычную работу ў гэтым напрамку", - адзначыў Кірыл Вяткін. Ён нагадаў і некалькі простых рэкамендацый.

Па-першае, перад загрузкай карткі ў банкамат варта яго агледзець - пераканацца ў адсутнасці дадатковых устройстваў на карткапрыёмніку або ў раёне клавіятуры. Калі відаць наяўнасць падазроных прыстасаванняў, лепш не рызыкаваць і не карыстацца гэтым банкаўскім тэрміналам.

Па-другое, працэс набору ПІН-кода на клавіятуры банкамата павінен заставацца максімальна канфідэнцыяльным. Калі адсутнічае спецыяльны ахоўны кажух або кораб, пры ўводзе кода лепш прыкрываць клавіятуру рукой.

Па-трэцяе, у карыстальніка павінны ўзнікнуць абгрунтаваныя падазрэнні, калі карткапрыёмнік працуе некарэктна. Напрыклад, для загрузкі карткі трэба прыкладаць дадатковыя намаганні, або яна наогул не ўстаўляецца ў ячэйку. Гэта можа быць прыкметай таго, што ўнутры знаходзіцца чужое ўстройства, якое перашкаджае нармальнаму функцыянаванню карткапрыёмніка. Пра такі збой банкамата адразу паведаміце па кантактных тэлефонах, размешчаных на банкаўскіх устройствах.

І галоўнае правіла: нікому не даваць рэквізіты сваёй карткі. Ні пры якіх абставінах. Прычым у гэта паняцце ўваходзяць не толькі так званыя сябры з сацсетак або мэсэнджараў, але таксама прыяцелі, калегі, сваякі. Не варта рэагаваць і перадаваць свае асабістыя даныя трэцім асобам і пры разнастайных заманлівых прапановах і "выгадных" умовах. Гэта раўназначна таму, што вы аддаяце некаму ўласны рэальны кашалёк з грашыма.

"Таксама трэба разумець, што зламысніку патрэбна не сама банкаўская картка, а змешчаная на ёй інфармацыя, - падкрэсліў Кірыл Вяткін. - А гэту інфармацыю можна сфатаграфаваць або падгледзець. Таму лепш пазбягаць перадачы карткі каму-небудзь наогул, нават у магазіне, кафэ або аўтазапраўцы. Той жа касір або афіцыянт павінен прадаставіць плацежны тэрмінал, каб кліент ажыццяўляў усе аперацыі самастойна з выкананнем умоў канфідэнцыяльнасці".

20 чэрвеня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/132/48484
Текущая дата: 19.11.2024