У чэрвені хакеіст-легенда ўпершыню прыехаў на радзіму.
Джону (Яну) Мішуку, першаму ўраджэнцу Беларусі, які згуляў у паўночнаамэрыканскай Нацыянальнай хакейнай лізе, 79 год. У вайну немцы спалілі ягоную родную вёску Налібакі. Далей былі эміграцыя ў Канаду і шлях да НХЛ.
Вёску спалілі, сям’ю вывезьлі ў Нямеччыну
Цяпер на месцы, дзе стаяла хата Джонавых бацькоў, — чыстае поле. У 1943 годзе немцы вёску спалілі, а жыхароў вывезьлі на прымусовыя працы ў Нямеччыну. Пра тыя часы Джон мала што памятае: яму было тры гады.
«Наша сям’я страціла ўсё, — кажа Джон. — Гэта быў іх дом. Нас выгналі з фэрмы, а вёску спалілі дашчэнту».
Пераезд у Канаду, захапленьне хакеем
Пасьля вайны сем’і зь нямецкіх лягераў пераяжджалі ў Канаду. Такая была гісторыя і ў Джонавай сям’і. Спачатку ў 1950 годзе ў Канаду пераехаў бацька Джона, які знайшоў там працу на грыбной фэрме. Пасьля ён вярнуўся па астатнюю сям’ю і перавёз усіх у Гэмілтан (Антарыё). Па вайне ў Гэмілтан пераехала і шмат іхніх знаёмых з Налібак.
Джон прызнаецца, што пачаў гуляць у хакей даволі позна па мерках Канады — у 10 год.
«Як і любое іншае дзіця, я штодня коўзаўся на каньках па лёдзе, — распавядае Джон. Маці звычайна гнала мяне з коўзанкі кожны дзень: „Гэй, вяртайся дахаты!“».
Хлопец з Налібак — у наймацнейшай хакейнай лізе сьвету
У 13 год Джон пачаў гуляць за мясцовыя юніёрскія клюбы, а яшчэ праз 7 год дэбютаваў у наймацнейшай хакейнай лізе сьвету — НХЛ — у складзе амэрыканскай каманды Detroit Red Wings.
У наступныя 7 год абаронца Мішук правёў 237 гульняў (7 галоў, 39 перадач) у складзе чатырох камандаў Нацыянальнай хакейнай лігі — апроч Дэтройта, гэта Chicago Black Hawks, Philadelphia Flyers і Minnesota North Stars. Ён таксама згуляў больш за 200 матчаў у іншай прафэсійнай хакейнай лізе WHA, зь якой у 1970-х беспасьпяхова спрабавалі зрабіць канкурэнта НХЛ.
У 37 гадоў Джон сышоў з прафэсіянальнага хакею. Пасьля выступаў у клюбе вэтэранаў.
«Я гуляў проста дзеля прыемнасьці да 60 гадоў, таму што вельмі сумаваў па хакеі», — кажа Джон.
Бізнэс на фаст-фудзе
У пасьляспартовым жыцьці ўраджэнец Налібак пайшоў у бізнэс. Спачатку працаваў у Сан-Дыега ў рэстаране хуткага абслугоўваньня Jack In The Box. А ў 1980-м вярнуўся ў Канаду і адкрыў па франшызе рэстаран хуткага абслугоўваньня Tim Horton Donuts — гэтая сетка спэцыялізуецца на каве і пончыках.
У бізнэсе Джон ужо 35 гадоў. Прызнаецца, што «справы ідуць вельмі добра». Цяпер у яго з сынамі чатыры рэстараны.
Вяртаньне на радзіму
Вяртаньне на радзіму заняло ў Джона 76 гадоў. У чэрвені ён разам з дочкамі Кэтлін і Мэры і ўнучкай Гэйлі прыехаў у Беларусь на тры дні.
«Гэтую паездку сплянавала мая дачка Кэтлін, за што я ёй вельмі ўдзячны, — кажа Джон. — Для мяне важна было пабываць у месцы, дзе я нарадзіўся. Мы схадзілі на могілкі і ў касьцёл. Я тут усяго пару гадзінаў, але мне вельмі камфортна. Я рады, што вярнуўся ў Налібакі. Я спрабую адчуць душу мясьціны».
У Беларусі ў Джона жыве траюрадны брат Вячаслаў Мішук. У Налібаках засталася хата ягонага бацькі.
«Тут пачаўся наш род, — кажуць сваякі Джона. — Тут жыў і прадзед Джона. Гэта зямля Мішукоў».
Радыё Свабода, 14 чэрвеня 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/135/48397
Текущая дата: 26.12.2024