Белорусский портал в Казахстане

Эстафету агню ІІ Еўрапейскіх гульняў сустрэлі на БелАЭС



Эстафету агню ІІ Еўрапейскіх гульняў "Полымя міру" сустрэлі на Беларускай АЭС, паведамілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязей БелАЭС.

Эстафету агню на Беларускай АЭС сустракалі дзясяткі супрацоўнікаў прадпрыемства. "Аднаму з іх, шматразоваму пераможцу лёгкаатлетычных спаборніцтваў, начальніку змены рэактарнага цэха Вадзіму Мацвійчуку аказаны гонар пранесці агонь ІІ Еўрапейскіх гульняў на "атамным" адрэзку эстафеты", - расказалі на БелАЭС.

Пад апладысменты супрацоўнікаў Беларускай АЭС агонь ІІ Еўрапейскіх гульняў прыбыў да цэнтральнай прахадной прадпрыемства.

Ад імя працоўнага калектыву ўдзельнікаў эстафеты "Полымя міру" прывітала намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце - начальнік аддзела кадраў Марына Пылінская.

"Сімвалічнае полымя ІІ Еўрапейскіх гульняў - на пляцоўцы будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі, на адным з самых важных аб`ектаў энергетычнай галіны нашай рэспублікі. Сёння дзякуючы гэтай падзеі мы сталі часцінкай вялікай еўрапейскай спартыўнай гісторыі", - адзначыла яна.

Агонь II Еўрапейскіх гульняў запалены 3 мая ў Рыме ў комплексе Ara Pacis Museum. Затым беларускія альпіністы паднялі факел на вышэйшую кропку Еўропы гару Манблан. У Еўропе "Полымя міру" наведала Славенію, Аўстрыю, Венгрыю, Чэхію, Славакію і Польшчу.

У Беларусі эстафета агню пабывала ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. Маршрут эстафеты завершыцца 21 чэрвеня на Нацыянальным алімпійскім стадыёне "Дынама" - у час цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў будзе запалены агонь форуму. II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня.

Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыграюць 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту.

23 мая 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/137/48139
Текущая дата: 26.12.2024