Белорусский портал в Казахстане

Генадзь Лапцеў заваяваў золата ЧЕ па цяжкай атлетыцы ў Грузіі



Беларускі спартсмен Генадзь Лапцеў (вагавая катэгорыя 61 кг) заваяваў залатую ўзнагароду ў другі дзень чэмпіянату Еўропы па цяжкай атлетыцы, які праходзіць у Батумі (Грузія).

У суме дваябор`я (у рыўку і штуршку) ён паказаў лепшы рэзультат на кантынентальным форуме - 286 кг (133+153), устанавіўшы новы рэкорд Беларусі. Сярэбраны медаль атрымаў атлет з Турцыі Сезер Бюньямін - 283 кг (132+151), бронза ў яго партнёра па камандзе Фердзі Хардала - 282 кг (127+155).

За крок ад п`едэстала гонару спынілася беларуска Людміла Псышчаніца (55 кг), якая ў суме дваябор`я набрала 187 кг (82+105).

Раней Юлія Асаёнак (45 кг) заваявала бронзавую ўзнагароду ў дваябор`і.

За 60 камплектаў узнагарод на кантынентальным форуме спаборнічаюць больш за 400 атлетаў з 47 краін. Гэты турнір мае статус ліцэнзійнага. Яго ўдзельнікі змогуць заваяваць ачкі, неабходныя для выступлення на Алімпійскіх гульнях у Токіа ў 2020 годзе. Завершыцца чэмпіянат Еўропы 13 красавіка.

8 красавіка 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/141/47482
Текущая дата: 26.12.2024