Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі адкрыўся веснавы сезон палявання на птушыную дзічыну



Паляванне дазваляецца ў светлы час сутак, акрамя перыяду з 12 да 18 гадзін.

Па другую нядзелю мая (сёлета яна прыпадае на 12-е чысло) дазваляецца ружэйная здабыча пралётных гусі: шэрай, белалобай, гуменніка, канадскай казаркі, а таксама самцоў (качароў) качкі: крыжанкі, свіцязі, гогаля, шыроканоскі, чырвонагаловай і чубатай чэрнеці, чыркоў-свістункоў і траскунка, качкі шэрай. 

Дазволеныя спосабы палявання на гусі: ружэйны (гладкаствольная паляўнічая зброя і патроны са шротам) з засады толькі са скрадка (альбо з засады з выкарыстаннем маскіровачнага халата) і толькі з прынаджваннем з дапамогай манка і падсаднога гусака (гусей), і (або) профіляў, і (або) пудзілаў гусака.

Дазволеныя спосабы палявання на качак: ружэйны (гладкаствольная паляўнічая зброя і патроны са шротам) з засады толькі са скрадка (або з выкарыстаннем маскіровачнага халата) і толькі з прынаджваннем з дапамогай падсадной качкі (качак) і (або) пудзілы (пудзілаў) і манка ,

У веснавым сезоне палявання на гусі або качароў качак дапускаецца выкарыстанне замест скрадка маскіровачнага халата (маскіровачнага касцюма), надзетага на паляўнічага і які забяспечвае яго непрыкметнае для паляўнічых жывёл знаходжанне ў паляўнічых угоддзях (маскіроўку).

Для вышуку і падачы здабытай дзічыны можна выкарыстоўваць паляўнічых сабак: тэр`ераў, такс, лягавых, спаніэляў, рэтрывераў, водных сабак.

Як нагадалі ў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, агульная працягласць веснавага сезона палявання на гусей і качак не павінна перавышаць 28 дзён на працягу дазволенага перыяду, за выключэннем палявання па паляўнічых турах. Веснавы сезон палявання на гусей і качак у рамках правядзення апошніх доўжыцца з другой суботы сакавіка па другую нядзелю мая.

Існуе пералік паляўнічых угоддзяў, на тэрыторыі якіх забараняецца паляванне на асобныя віды птушак у веснавы сезон палявання. Азнаёміцца ​​з ім можна на сайце Дзяржінспекцыі.

Сяргей Расолька
Звязда, 12 сакавіка 2019


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/143/47177
Текущая дата: 27.12.2024