Белорусский портал в Казахстане

Два экіпажы "МАЗ-СПОРТаўта" ўвайшлі ў топ-10 па выніках "Дакара-2019"



Два экіпажы "МАЗ-СПОРТаўта" Сяргея Вязовіча і Аляксандра Васілеўскага ўвайшлі ў дзясятку лепшых па выніках ралі-рэйду "Дакар-2019".

Удзельнікі прэстыжнага аўтамарафону фінішавалі 17 студзеня ў сталіцы Перу Ліме. У заключным дзясятым этапе ў заліку грузавікоў перамог Тон ван Генугтэн з Нідэрландаў з вынікам 1 гадзіна 28 мін.

Лепшы з беларусаў Аляксандр Васілеўскі заняў восьмае месца і саступіў пілоту з Нідэрландаў крыху больш за пяць мінут. Сяргей Вязовіч быў дзясятым.

У генеральнай кваліфікацыі перамог Эдуард Нікалаеў ("КАМАЗ-майстар"), яго партнёр па камандзе Дзмітрый Сотнікаў размясціўся на другой пазіцыі, прадстаўнік Нідэрландаў Жэрар дэ Рой (Iveco) стаў бронзавым прызёрам.

Срэбны прызёр ралі-рэйду 2018 года ў заліку грузавікоў Сяргей Вязовіч заняў шостае месца, Аляксандр Васілеўскі - восьмае.

Ралі-рэйд "Дакар-2019" прайшоў па тэрыторыі Перу і завяршыўся 17 студзеня ў Ліме. Гоншчыкі пераадолелі каля 5 тыс. км. Больш за палову маршруту складалі пясчаныя трасы з вялікімі дзюнамі і іншымі перашкодамі.

18 студзеня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/146/46609
Текущая дата: 19.11.2024