Белорусский портал в Казахстане

Беларускія вальшчыкі лесу сталі лепшымі на міжнародных спаборніцтвах у Латвіі



Беларускія вальшчыкі лесу сталі лепшымі на міжнародных спаборніцтвах лесарубаў у Рызе.

Турнір праходзіў у час выстаўкі-кірмашу Ramavas kauss 2018 і аб`яднаў 28 спартсменаў з розных краін, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі. 

Як паведаміў кіраўнік нацыянальнай зборнай вальшчыкаў лесу намеснік начальніка ўпраўлення вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі Мінлясгаса Уладзімір Шут, Беларусь на спаборніцтвах была прадстаўлена ў асноўным юніёрамі. 

"На гэты раз мы вырашылі адправіць нестандартную зборную: трох юніёраў і аднаго прафесіянала. Беларускіх спартсменаў-вальшчыкаў сёння ведаюць і паважаюць ва ўсім свеце, іх майстэрства высока цэняць, але каб так было і ў далейшым, нам трэба працаваць з моладдзю, думаць аб перспектыве. Таму было прынята такое рашэнне", - пракаменціраваў ён. 

Бягучы год для зборнай каманды Мінлясгаса быў даволі ўдалым. Акрамя шматлікіх перамог на розных міжнародных турнірах беларускія вальшчыкі лесу змаглі пацвердзіць званне чэмпіёнаў свету, атрымаўшы ў жніўні перамогу на сусветным чэмпіянаце лесарубаў, які праходзіў у нарвежскім Лілехамеры.

18 кастрычніка 2018, Мінск
БЕЛТА


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/154/45441
Текущая дата: 19.11.2024