Беларускі экіпаж пад кіраваннем Сяргея Вязовіча заняў другое месца на першым этапе ралі-рэйда "Шаўковы шлях". Двума радкамі ніжэй апынуўся "МАЗ" Аляксея Вішнеўскага.
Як паведамілі ў камандзе "МАЗ-СПОРТаўта", першы заезд стартаваў і фінішаваў у Астрахані. Спецучастак расцягнуўся на 311 км па стэпавых дарогах з ямамі і грудамі. Экіпажам трэба было на высокіх хуткасцях разбірацца ў складанай навігацыі, а бліжэй да канца маршруту яшчэ і ўзбірацца на выдмы. Вязовіч і Вішнеўскі, якія традыцыйна моцныя на хуткіх трасах, этап прайшлі ўдала.
"МАЗ" Вязовіча паказаў другі час — 4 гадзіны 5 хвілін. Пераможцам этапу стаў Дзмітрый Сотнікаў з "КАМАЗ-майстра", які апярэдзіў беларусаў амаль на 6 хвілін.
"Праехалі спецучастак ў адзіноце, калі браць грузавікі. У сярэдзіне шляху ўбачылі "КАМАЗ" Эдуарда Нікалаева — відаць было, што нешта зламалася. З Дзімам Сотнікавым прыехалі прыкладна ў адзін час з невялікай разбежкай ў хвілінах. З новай развагоўкай стала нашмат лягчэй кіраваць аўтамабілем і пераносіць астраханскія купіны", — паведаміў Вязовіч.
Вішнеўскі заняў чацвёртае месца, праехаўшы трасу за 4 гадзіны 10 хвілін. Беларускі экіпаж адстаў ад лідара на 10 хвілін.
"Першы дзень пачаўся даволі сурова. Першы час была класічная для Астрахані траса, а потым пачалася хуткасная дарога і ў завяршэнне — забойны ўчастак па бездаражы. Шчыра сказаць, я тут так яшчэ не ездзіў, апошнія 50 км былі самымі забойным", — здзівіўся Вішнеўскі.
"МАЗ" Аляксандра Васілеўскага фінішаваў восьмым. Яго час — 4 гадзіны 30 хвілін, адставанне — паўгадзіны. Дэбютант Віталь Мурылёў завяршыў этап на 12-й пазіцыі, зрасходаваўшы на спецучастку 6 гадзін 54 хвіліны і прайграўшы 2 гадзіны 54 хвіліны.
Другі этап будзе марафонскім і прывядзе з Астрахані ў Элісту. Гоншчыкаў чакаюць старыя пабітыя дарогі, стэпы і мноства перашкод. Пасля фінішу ў сталіцы Калмыкіі экіпажам давядзецца падрыхтаваць аўтамабілі да наступнага ралі-заезду без удзелу брыгады тэхпадтрымкі.
Ралі-рэйд "Шаўковы шлях" сёлета праходзіць толькі па тэрыторыі Расіі. Працягласць трасы складае 5.948 км. Гонка стартавала ў Астрахані, завершыцца ў Маскве. Сярод перашкод горныя ўчасткі, цясніны, рэчышчы, яры, выдмы. У класе грузавікоў ўдзельнічаюць прыкладна 20 экіпажаў, у тым ліку чатыры каміёны з каманды "МАЗ-СПОРТаўта". У леташнім марафоне ўсе беларускія экіпажы ўвайшлі ў топ-10 агульнага заліку.
Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 22 ліпеня 2018
Мінск, 22 ліпеня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/164/44258
Текущая дата: 18.11.2024