Белорусский портал в Казахстане

Алімпіяда-2018: у заяўку Расіі ўключаны 169 спартсменаў



Квоты вядучых расійскіх спартсменаў у заяўцы на Алімпіяду 2018 года не будуць занятыя слабейшымі атлетамі.

Зацверджана заяўка расійскай каманды на зімовыя Алімпійскія гульні 2018 года ў Пхенчхане (Паўднёвая Карэя), у спісе значацца 169 спартсменаў, аднак вядучых атлетаў там няма, заявіў першы віцэ-прэзідэнт Алімпійскага камітэта Расіі (АКР) Станіслаў Пазнякоў.

На мінулым тыдні камісія МАК скараціла з 500 да 389 чалавек спіс расійскіх спартсменаў, якія могуць паехаць на Гульні-2018. У лік спартсменаў, якія не атрымалі запрашэнні на Алімпіяду, трапілі лідары расійскай зборнай у розных відах спорту: Антон Шыпулін (біятлон), Сяргей Усцюгаў (лыжныя гонкі), Віктар Ан (шорт-трэк) і іншыя.

"У дадзены момант сумесна з нацыянальнымі і міжнароднымі федэрацыямі была зацверджана заяўка OAR (спартсмены-алімпійцы з Расіі) для ўдзелу ў Алімпіядзе. 169 спартсменаў. На жаль, вядучыя спартсмены не ўвайшлі ў заяўку", — сказаў Пазнякоў журналістам.

Ён адзначыў, што кожны спартсмен атрымае індывідуальнае запрашэнне на Гульні. "Ні ад аднаго мы не чулі, што ён адмовіцца ад удзелу", — звярнуў увагу Пазнякоў.

Акрамя таго, віцэ-прэзідэнт АКР заявіў, што былі праведзены кансультацыі з міжнароднымі федэрацыямі, у выніку чаго выпрацавана рашэнне — спартсмены не будуць замяняць на будучай зімовай Алімпіядзе месцы тых, хто не запрошаны для ўдзелу ў Гульнях.

"Справа ў тым, што пры кансультацыях з федэрацыямі мы зыходзілі з таго, што ўсе вядучыя спартсмены павінны патрапіць у гэтую заяўку. З нашага пункту гледжання і з пункту гледжання ўсіх федэрацый без выключэння ў знак салідарнасці з тымі спартсменамі, якія не могуць удзельнічаць у спаборніцтвах, слабейшыя спартсмены не могуць займаць іх месца. Гэта агульнае рашэнне. У гэтай сувязі ўсе нашы квоты і не былі абраныя ", — працягнуў першы віцэ-прэзідэнт АКР.

Пазнякоў дадаў, што АКР будзе настойваць на тым, каб кожны расійскі атлет, які не быў дапушчаны да галоўных стартаў чатырохгоддзя, атрымаў тлумачэнне. "МАК не каментуе асобна ўзятыя выпадкі. Мы накіравалі запыт. Але яны адказалі ў агульных рысах. Мы будзем настойваць на тым, каб кожны спартсмен атрымаў выразнае тлумачэньне, чаму ён не дапушчаны на Алімпіяду", — растлумачыў ён.

МАК у снежні абвясціў, што "чыстыя" расійскія спартсмены будуць дапушчаныя да ўдзелу ў зімовых Алімпійскіх гульнях у Пхенчхане толькі пад алімпійскім сцягам. 25 студзеня МАК апублікаваў спіс крытэраў, якімі кіраваўся пры вырашэнні пытання па запрашэнні расійскіх спартсменаў для ўдзелу АГ-2018.

Sputnik
Мінск, 26 студзеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/166/42276
Текущая дата: 01.11.2024