У паўднёвакарэйскім Пхёнчхане 9-га лютага адкрыліся XXIII зімовыя Алімпійскія гульні.
У спаборніцтвах, якія працягнуцца да 25 лютага, возьмуць удзел спартсмены з 92 краін; яны разыграюць 102 камплекты ўзнагарод у 15 дысцыплінах.
У беларускай дэлегацыі 28 алімпійцаў. 10 чалавек будуць спаборнічаць у біятлоне, 7 — у лыжных гонках, 6 — у фрыстайле, па 2 — у горных лыжах і канькабежным спорце, 1 — у шорт-трэку.
"Усе чатыры гады вялася скрупулёзная падрыхтоўка, — заявіў міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко на прэс-канферэнцыі 24 студзеня. — Вялікая адказнасць на спартоўцах, трэнерах, на ўсіх спартыўных функцыянерах. Неабходная стойкасць духу і поспех, каб выстаяць у гэтай няпростай атмасферы. Ёсць хваляванне ў сувязі з неабходнасцю выканання пэўных абавязацельстваў. Алімпійскія гульні ў Сочы былі лепшымі (пяць залатых і бронзавы медалі.). Цяпер мы таксама абавязаныя парадаваць нашых заўзятараў".
У той жа час Шамко не стаў агучваць медальныя планы: "Стараемся адыходзіць ад гэтага не таму, што не хочам медалёў. Мы не хочам ставіць дадатковыя перашкоды ў выглядзе псіхалагічных аспектаў. Мяне як кіраўніка радуе, што ўсё неабходнае для падрыхтоўкі было зроблена. Куранят увосень лічаць, ну а мы палічым у канцы лютага і паглядзім, наколькі ўсё было зроблена правільна".
Першыя камплекты ўзнагарод будуць разыграныя 10 лютага (па адным у біятлоне, канькабежным спорце, лыжных гонках, скачках з трампліна і шорт-трэку). Галоўная падзея суботы для беларускай зборнай: жаночы спрынт на 7,5 км з удзелам біятланістак Дар`і Домрачавай (трохразовая пераможца Алімпіяды ў Сочы-2014), Надзеі Скардзіны, Ірыны Крыўко і Надзеі Пісаравай.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 9 лютага 2018
Мінск, 9 лютага 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/178/42463
Текущая дата: 18.11.2024