Белорусский портал в Казахстане

Над Свіслаччу ў траве



Сёлета ў Асіповіцкім раёне на базе школы ў вёсцы Свіслач будзе працаваць археалагічны лагер. Маладыя людзі пад кіраўніцтвам спецыялістаў з Акадэміі навук будуць рабіць раскопкі знакамітага свіслацкага замчышча.

Асіповіцкая кругасветка пачынаецца ад свіслацкага замчышча.

Раней у археалагічным лагеры падлеткі знайшлі мноства гістарычных прадметаў: фрагменты вырабаў з гліны, бранзалетаў, іншых бытавых прылад, якія датуюцца ХV—ХVІІ стагоддзямі. Асабліва вядомай стала знаходка бірузовай пацеркі — падобную марыў знайсці кожны школьнік, аматар археалогіі.

Дзеці са Свіслацкай школы праклалі летась турыстычныя маршруты па асіповіцкім краі для аматараў гісторыі. Называлася іх акцыя "Асіповіцкая кругасветка-2" (першы экамаршрут з такой назвай праклалі дарослыя). За пяць дзён на веласіпедах і пешшу старшакласнікі разам з настаўнікамі пераадолелі больш за 200 кіламетраў: яны вывучалі, фатаграфавалі і апісвалі самыя прыгожыя месцы і археалагічныя помнікі Асіповіцкага раёна. Але зыходным пунктам для свіслацкіх школьнікаў у "Асіповіцкай кругасветцы" стала замчышча ў роднай вёсцы.

Свіслацкае замчышча — гонар мясцовых жыхароў. Сама вёска знаходзіцца ў маляўнічым кутку Магілёўшчыны, на злучэнні дзвюх рэк — Бярэзіны і Свіслачы, і зялёную пойму можна агледзець з узгорку, дзе стаяць руіны. Ёсць звесткі, што культурны слой замчышча ў Свіслачы сягае аж да ХІІІ стагоддзя. Спачатку замак быў драўляны, але ў ХVІІ стагоддзі яго ў часе вайны спалілі дашчэнту, і толькі потым на ўзгорку ўзвялі некалькі арсенальных пабудоў з цэглы і муроў. Вось іх парэшткі і захаваліся да нашага часу.

Самы час пачаць турыстычны сезон і, адхіліўшыся ад надзённых праблемаў, паглядзець на маляўнічы краявід, створаны прыродай і людзьмі: высакароднае старажытнае карычневае на радасным ярка-зялёным фоне.

Ілона Іванова, Звязда
1 чэрвеня 2011 года

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/180/6859
Текущая дата: 04.05.2024