Белорусский портал в Казахстане

На Чэмпіянаце Еўропы па міні-футболе сярод духавенства Беларусь прадставяць святары з Гродзенскай дыяцэзіі



Чэмпіянат Еўропы сярод каталіцкіх святароў па міні-футболе ў 2018 годзе пройдзе ў італьянскім горадзе Брэшыя 5-8 лютага.

На Апенінскім паўвостраве трафей сярод каталіцкіх святароў Еўропы разыграюць упершыню.

У спартыўным спаборніцтве прымуць удзел 250 святароў з 16 каманд. Беларусь на чэмпіянаце прадставяць святары з Гродзенскай дыяцэзіі, у пашыраны склад каманды ўвойдуць 15 чалавек.

Зборная Беларусі была пасеяна ў групу „С“ разам з камандамі з Польшчы, Чэхіі і Аўстрыі.

«Настрой у камандзе баявы, — адзначае ў гутарцы з Catholic.by кс. Павел Салабуда, адказны за зборную. — У мінулым годзе нам не пашанцавала з жараб’ёўкай, сёлета яна дазваляе спадзявацца на лепшае, таму настроены рашуча і хочам рэабілітавацца».

Святар дадаў, што каманда «маладзее» з кожным годам, сёлета да яе далучыліся тры новапрэзбітэра.

«З 1 верасня мы рэгулярна трэніруемся. Збіраемся ў Лідзе, дзе ёсць усе ўмовы — найперш выдатная зала, максімальна набліжаная да еўрапейскіх стандартаў. Са зборнай працуе трэнер каманды „ЛідСельмаш“, адной з лепшых па міні-футболе ў Беларусі», — паведаміў кс. Павел Салабуда.

Асноўныя спаборніцтвы Чэмпіянату Еўропы сярод святароў па міні-футболе пройдуць у Спартыўным цэнтры Сан-Філіпа.

Мерапрыемства курыруе Італьянскі спартыўны цэнтр.

«Адна з мэтаў гэтай сустрэчы — спрыяць братэрству на еўрапейскім узроўні, будуючы масты паміж святарамі і выкарыстоўваючы футбол у якасці моманту канфрантацыі і сяброўства паміж каталіцкімі супольнасцямі па ўсёй Еўропе. Чэмпіянат — добры прыклад для дзяцей, якія займаюцца спортам», — адзначаюць арганізатары.

Чэмпіянат пройдзе ў 12-ы раз.

Беларуская каманда са свайго боку выказвае падзяку Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу і асобна Беларускай асацыяцыі міні-футболу за падтрымку ў паездцы.

Ілья Лапато
Catholic.by, 15 студзеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/181/42186
Текущая дата: 18.11.2024