Белорусский портал в Казахстане

Беларуска Ганна Церах перамагла ў шматдзённай гонцы на чэмпіянаце Расіі па веласпорце на трэку



У Санкт-Пецярбургу набліжаецца да завяршэння чэмпіянат, Кубак і першынство Расіі па веласіпедным спорце на трэку з удзелам беларускіх спартсменаў.

У рамках чэмпіянату Расіі раварысты разыгрывалі медалі ў шматдзённай гонцы па балах. У жаночым турніры лепшы вынік паказала прадстаўніца нашай краіны Ганна Церах. Беларуска атрымала перамогі на першым, другім і трэцім этапах гонкі, а таксама стала другой на заключным чацвёртым этапе. У агульным заліку Церах на 10 балаў апярэдзіла срэбную медалістку Наталлю Фралову з Тульскай вобласці, тройку мацнейшых замкнула яшчэ адна наша спартсменка Караліна Бірук. Беларускі Ірына Чуянкова і Таісія Насковіч занялі 6-е і 13-е месцы сярод 18 удзельніц.

У шматдзённай гонцы сярод мужчын за крок ад п`едэстала гонару спыніўся наш Раман Раманаў. Беларускі веласіпедыст трапляў на подыум па выніках двух этапаў з шасці, але ў генеральнай класіфікацыі размясціўся чацвёртым, адстаўшы ад бронзавай пазіцыі ўсяго на тры балы. Чэмпіёнам Расіі ў гэтай дысцыпліне стаў Леў Гонаў з Санкт-Пецярбурга. Што датычыцца выступленняў іншых беларусаў, то Яўген Каралёк і Дзяніс Мазур сталі 15-м і 16-м адпаведна, а Сцяпан Безгерц і Артур Кірыевіч сталі 21-м і 22-м сярод 24 фіналістаў. Нашы Вадзім Адзінец, Дзяніс Марчук, Аляксей Шманцар, Дзмітрый Іванчанка і Антон Клінчык у лік удзельнікаў фіналу не трапілі.

Акрамя таго, паралельна чэмпіянату Расіі ў Санкт-Пецярбургу праходзіць і розыгрыш Кубка гэтай краіны, цяпер у нашай каманды дзве ўзнагароды - золата і бронза, якія прынёс Арцём Зайцаў. Спачатку беларус заняў трэцяе месца ў гіце на 200 метраў з месца, а затым стаў пераможцам спаборніцтваў у спрынце.

22 студзеня 2024, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/21/72235
Текущая дата: 18.11.2024