Белорусский портал в Казахстане

Беларускія атлеты заваявалі алімпійскія ліцэнзіі ў 25 відах спорту



Больш як 130 беларускіх спартсменаў заваявалі алімпійскія ліцэнзіі ў 25 відах спорту, паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнага алімпійскага камітэта.

Чарговыя кваліфікацыйныя нарматывы для выступлення на Алімпіядзе-2016 у Рыа-дэ-Жанэйра выканалі ў мінулы ўік-энд беларускія лёгкаатлеты, якія прымалі ўдзел у чэмпіянаце краіны ў Гродне.

Ірына Якалцэвіч стала чэмпіёнкай па скачках з шастом з рэзультатам 4 м 50 см. У спаборніцтвах мужчын у трайным скачку алімпійскія пропускі зарабілі ўсе прызёры - Арцём Бандарэнка, Дзмітрый Платніцкі і Максім Несцярэнка.

Пацвердзіў свой высокі ўзровень вопытны кідальнік молата Іван Ціхан, які паказаў другі рэзультат сезона ў свеце, паслаўшы снарад на 80 м 04 см.

Бягуха Аліна Талай таксама ўпэўнена стала чэмпіёнкай краіны ў бегу на 100 м з бар`ерамі, пераадолеўшы дыстанцыю за 12,71 сек. У сусветным рэйтынгу яна займае цяпер 6-е месца. Кваліфікацыйны нарматыў на чэмпіянат Еўропы ў Амстэрдаме, які пройдзе з 6 па 10 ліпеня, выканала Настасся Пузакова. У Гродне яна заваявала залатую ўзнагароду на дыстанцыі 3000 м з перашкодамі (рэзультат - 9 мін 53,23 сек).

Чэмпіянат Беларусі ў Гродне наведалі прэзідэнт Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі Свен Арнэ Хансэн і член савета Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі, прэзідэнт эстонскай федэрацыі лёгкай атлетыкі Эрых Тэйгамягі. Яны далі высокую ацэнку арганізацыі спаборніцтваў і выказалі ўпэўненасць, што Беларусь можа паспяхова праводзіць лёгкаатлетычныя турніры высокага ўзроўню.

27 чэрвеня 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/212/36098
Текущая дата: 17.11.2024