Белорусский портал в Казахстане

Мірны выйшаў у фінал парнага разраду на тэнісным турніры ў Акапулька



Максім Мірны (29-е месца ў парным рэйтынгу) і філіпінец Трыт Хей (35) выйшлі ў фінал тэніснага турніру ў Акапулька (Мексіка) з прызавым фондам 1.413.600 долараў ЗША.

У першым крузе (1/8 фіналу) "пасеяны" пад чацвёртым нумарам дуэт выйграў у аўстралійцаў Крыса Гучоне (61) і Бернарда Томіча (453; 21-шы ў адзіночным рэйтынгу) — 4:6, 6:3, 14:12 (тай-брэйк).

Тыднем раней гэтыя ж сапернікі сустракаліся ў чвэрцьфінале турніру ў Дэльрэй-Біч (ЗША), і беларуска-філіпінская пара таксама была мацнейшай (6:3, 6:4).

У наступным раўндзе спаборніцтваў у Акапулька Мірны і Хей перамаглі Марыюша Фырстэнберга з Польшчы (45) і прадстаўніка гаспадароў Санцьяга Гансалеса (59) — 7:5, 6:2. Гэта таксама быў другі паядынак тэнісістаў за апошні тыдзень. У 1/8 фіналу турніру ў Дэльрэй-Біч Мірны і Хей узялі верх 6:3, 7:6 (7:5). Год таму ў паўфінале турніру ў Акапулька беларус і яго тагачасны партнёр Віктар Эстрэла Бургас (Дамініканская Рэспубліка) саступілі Фырстэнбергу і Гансалесу — 3:6, 6:7 (3:7).

У паўфінале цяперашніх спаборніцтваў у Мексіцы беларус і філіпінец выйгралі ў "пасеяных" пад першым нумарам калумбійцаў Хуана Себасцьяна Кабаля (23) і Роберта Фараха (24) — 4:6, 6:3, 10:7 (тай-брэйк).

У вырашальным матчы Мірны і Хей сустрэнуцца з трэцяй парай турніру — немцам Філіпам Пецшнерам (43) і аўстрыйцам Аляксандрам Пея (25).

Мірны ў 92-гі раз выйшаў у фінал парных спаборніцтваў АТП. 48 фіналаў былі для яго пераможнымі.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 27 лютага 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/219/34472
Текущая дата: 17.11.2024