Белорусский портал в Казахстане

З 15 па 17 студзеня ў Раўбічах пройдзе этап Кубка Усходняй Еўропы па лыжных гонках



Аб гэтым паведамляе прэс-служба Міністэрства спорту і турызму.

З 15 па 17 студзеня ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы" пройдзе этап Кубка Усходняй Еўропы па лыжных гонках.

Плануецца, што ўдзельнічаць у спаборніцтвах будуць 150 лепшых лыжнікаў з Беларусі, Расіі і Украіны, магчымы таксама прыезд спартсменаў з Латвіі і Літвы.

Беларуская каманда на спаборніцтвах у Раўбічах будзе самай шматлікай — на старт выйдзе каля 80 спартсменаў. Мяркуецца, што ў іх ліку будуць таксама лідары нашай зборнай Сяргей Далідовіч, Міхаіл Сямёнаў і Юлія Ціханава.

Асноўны склад беларускіх удзельнікаў спаборніцтваў — спартсмены да 23 гадоў, юніёрскага і юнацкага ўзростаў.

У першы дзень спаборніцтваў спартсмены будуць спаборнічаць у інтэрвальным старце ў класічным стылі, на наступны дзень ў свабодным і кваліфікацыйным спрынце, а ў нядзелю пройдуць гонкі па скіятлоне.

Як расказаў намеснік старшыні Беларускай федэрацыі лыжных гонак Андрэй Каваленка, для многіх беларускіх лыжнікаў гэты старт стане адборачным на маладзёжнае і юніёрскае першынствы свету, а таксама цудоўнай магчымасцю паспаборнічаць з наймацнейшымі спартсменамі з блізкага замежжа.

Уваход для гледачоў свабодны.

Арганізатарамі чэмпіянату выступаюць Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту, Міністэрства спорту і турызму, Мінаблвыканкам, Мінгарвыканкам, Нацыянальны алімпійскі камітэт, Беларускі лыжны саюз і Беларуская федэрацыя лыжных гонак.

Ірына Турчына, БелаПАН
Мінск, 14 студзеня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/222/33851
Текущая дата: 17.11.2024