Белорусский портал в Казахстане

Беларус Вадзім Стральцоў стаў чэмпіёнам свету па цяжкай атлетыцы



Беларускі цяжкаатлет Вадзім Стральцоў заваяваў залаты медаль у катэгорыі да 94 кг у дваябор`і на чэмпіянаце свету, што праходзіць у амерыканскім Х`юстане.

У цяперашнім складзе зборнай Беларусі прадстаўнік Магілёва - адзін з самых вопытных спартсменаў. Гаварыць аб рэальных медальных перспектывах у амерыканскім Х`юстане Вадзіма Стральцова стала магчымым пасля яго паспяховага выступлення на кастрычніцкім чэмпіянаце Беларусі, дзе ён змог у дваябор`і пераадолець гросмайстарскую адзнаку 400 кг, паказаўшы рэзультат 407 кг (181 кг + 226 кг).

На цяжкаатлетычным памосце ў Х`юстане Вадзім Стральцоў пачаў выступленне ў рыўку з дзяжурных 175 кг, але ў наступных дзвюх спробах штанга вагой 180 кг яму не пакарылася. І ён пасля першага практыкавання займаў у прамежкавых пратаколах шостае месца.

Беларускі атлет яшчэ да старту чэмпіянату свету не ўтойваў, што робіць стаўку ў сваім выступленні на штуршок. Пачаўшы выступленне ў другім практыкаванні з 220 кг і паспяхова справіўшыся з гэтай вагой, Стральцоў перайшоў у разрад галоўных прэтэндэнтаў на ўзнагароды. У другім падыходзе ён зафіксаваў над галавой штангу вагой 230 кг і набраў у суме 405 кг, што дало магчымасць яму выйграць малы залаты медаль у штуршку і стаць чэмпіёнам свету ўпершыню ў сваёй кар`еры па суме дваябор`я.

Другое і трэцяе месцы занялі спартсмены з Казахстана. Алмас Уцяшоў таксама ў другой спробе справіўся з 230 кг, але ўступіў у суме беларусу, не дапрацаваўшы ў першым практыкаванні - 402 кг (172 кг +230 кг), Жасулан Кыдырбаеў стаў бронзавым прызёрам сусветнага форуму - 399 кг (178 кг +221 кг).

Сур`ёзную канкурэнцыю пераможцу і прызёрам чэмпіянату свету па цяжкай атлетыцы ў катэгорыі да 94 кг ледзь не склаў яшчэ адзін беларус Аляксандр Венскель. Спартсмен з Ліды ў рыўку паказаў рэзультат 178 кг, што дало магчымасць яму пасля першага практыкавання размясціцца на чацвёртым месцы ў пратаколе. У другім практыкаванні Венскель справіўся са штангай вагой 220 кг, а ў заключным падыходзе спрабаваў падняць 230 кг, якія далі б магчымасць яму перасягнуць рэзультат Вадзіма Стральцова і стаць чэмпіёнам свету, але спроба аказалася няўдачнай.

У выніку Аляксандр Венскель стаў чацвёртым - 398 кг (178 кг +220 кг).

У катэгорыі 69 кг сярод жанчын на сусветным форуме выступілі таксама дзве беларускі. Аднак Дзіна Сазанавец і бронзавы прызёр Алімпіяды ў Лондане Марына Шкерманкова не змаглі ў Х`юстане ўзняцца на п`едэстал гонару. Дзіна Сазанавец заняла сёмае месца - 244 кг (110 кг + 134 кг), Марына Шкерманкова стала дзявятай - 241 кг (108 кг +133 кг). Пераможцам у гэтай вагавой катэгорыі стала кітаянка Ксян Янмэй - 263 кг (120 кг + 143 кг).

Выступленне ў Х`юстане стала няўдачным для алімпійскай чэмпіёнкі 2012 года (у катэгорыі да 63 кг) Маі Манезы з Казахстана, якая заняла толькі дзясятае месца ў падагульняючым пратаколе.

27 лістапада чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы прадоўжыцца выступленнем у катэгорыях да 105 кг у мужчын, у якой Беларусь прадставіць Аляксандр Бярсанаў. У жанчын у вагавой катэгорыі да 75 кг за медалі планетарнага форуму пазмагаецца беларуска Дар`я Навумава.

27 лістапада 2015, Мінск
Аляксандр Новікаў - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/223/33367
Текущая дата: 17.11.2024