Аб гэтым паведаміла вядучы спецыяліст аддзела маркетынгу Нацыянальнага агенцтва па турызме (НАТ) Марына Капусціна.
Конкурс стартаваў у ліпені. Улічваючы інтарэс прадстаўнікоў турыстычнай сферы да яго, арганізатары вырашылі прадоўжыць тэрмін падачы заявак да 11 кастрычніка. Падвядзенне вынікаў конкурсу і ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца 22 кастрычніка.
Прэтэндаваць на перамогу ў ім могуць дзяржаўныя органы, суб`екты і аб`екты турыстычнай дзейнасці, экскурсаводы і гіды-перакладчыкі, СМІ. Заяўкі па кожнай з намінацый разглядаюць экспертныя саветы, у складзе якіх прадстаўнікі НАТ, міністэрстваў, авіякампаніі "Белавія", вядучых туркампаній, а таксама пераможцы конкурсу мінулых гадоў. З прыкладамі заявак на ўдзел і крытэрыямі ацэнкі можна азнаёміцца на сайце Нацагенцтва па турызме.
Традыцыйна адна з самых папулярных намінацый - "Я пазнаю Беларусь", перамагчы ў якой можа любы актыўны турыст. Для гэтага трэба зрабіць максімальную колькасць фатаграфій на фоне турыстычных аб`ектаў Беларусі. Усе яны павінны быць зроблены з 1 кастрычніка 2014 года па 30 верасня 2015 года. Каб дапамагчы турыстам скласці маршрут падарожжа, Нацагенцтва па турызме размясціла на сваім сайце прыкладны спіс месц, якія можна наведаць. У яго ўвайшлі больш як 560 аб`ектаў: замкі, музеі, цэрквы, манастыры, сядзібы, турыстычныя комплексы, фабрыкі і шмат іншага. Дарэчы, у мінулым годзе пераможцы ў гэтай намінацыі акрамя падарачных сертыфікатаў на адпачынак у Беларусі атрымалі пуцёўку ў Ізраіль.
Акрамя гэтага, журы конкурсу вызначыць пераможцаў яшчэ ў сямі намінацыях. Паколькі бягучы год аб`яўлены Годам моладзі, у гэтым годзе ўпершыню ўручаць памятныя падарункі за развіццё маладзёжнага турызму. Прадстаўнікоў галіны ўзнагародзяць за ўклад у развіццё беларускага турызму, актыўнае пашырэнне турыстычнага патэнцыялу краіны і творчы падыход у асвятленні турызму. У асобных намінацыях будуць адзначаны поспехі ў развіцці ўязнога і ўнутранага турызму. Таксама на цырымоніі ўзнагароджання стане вядома імя экскурсавода года.
Конкурс "Пазнай Беларусь" праходзіць штогод з 2003 года. Яго арганізатарамі выступаюць Міністэрства спорту і турызму Беларусі, Нацыянальнае агенцтва па турызме, рэдакцыя газеты "Туризм и отдых".
6 кастрычніка 2015, Мінск
БЕЛТА
6 кастрычніка 2015, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/224/32842
Текущая дата: 17.11.2024