Белорусский портал в Казахстане

Два медалі заваявалі беларускія спартсмены на юніёрскім ЧЕ ў Швецыі



Два медалі заваявалі беларускія спартсмены на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы ў шведскай Эскільстуне.

Залатую ўзнагароду ў бегу на 100 м з/б выйграла Эльвіра Герман з Пінска, трэцяе месца заняў дзесяціборац Максім Андралойць з Гродна.

Беларуская бягуха ў фінале прабегла дыстанцыю з рэзультатам 13,15 сек, што з`яўляецца новым нацыянальным дасягненнем сярод юніёраў. Аднак, як паведамілі ў Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, рэкорд не будзе залічаны, таму што спадарожны вецер у забегу перавышаў дапушчальныя значэнні +2,6 м/с, і таму дасягненне Людмілы Окала-Кулак (13,17 сек), устаноўленае ў 1986 годзе, па-ранейшаму застаецца лепшым. Другое месца на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы заняла венгерская бягуха Лука Козак - 13,20 сек, бронзавая ўзнагарода ў францужанкі Лаўры Валет - 13,21 сек. Яшчэ адна беларуска Руслана Рашкаван фінішавала ў фінальным забегу на 100 м з/б на шостым месцы - 13,58 сек.

У спаборніцтвах дзесяціборцаў Максім Андралойць перад заключным відам праграмы, бегам на 1500 м, займаў трэці радок пратакола і апярэджваў прадстаўніка Нідэрландаў Сібрэна Блока ўсяго на 7 ачкоў. Беларус у забегу фінішаваў дзявятым - 4 мін 47,90 сек, тады як сапернік у барацьбе за бронзавую пазіцыю быў толькі дзясятым. Максім Андралойць набраў у суме 7717 ачкоў і стаў бронзавым прызёрам кантынентальнага першынства. Выйграў чэмпіянат Еўропы чэх Ян Долежал - 7929 ачкоў, другое месца ў нарвежца Карстэна Вархальма - 7764 ачкі.

Наступным важным стартам для зборнай па лёгкай атлетыцы стане чэмпіянат Беларусі, які пройдзе ў Гродне з 23 па 25 ліпеня.

20 ліпеня 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/229/32035
Текущая дата: 17.11.2024