Узнагарода ўручаецца ўпершыню спартсменам і трэнерам, якія найбольш вызначыліся ў мінулым годзе.
Пераможцы чэмпіянату Еўропы-2014 па лёгкай атлетыцы, што праходзіў у швейцарскім Цюрыху, беларусы Андрэй Краўчанка (дзесяцібор`е) і Марына Арзамасава (бег на 800 м) сталі ўладальнікамі спецыяльнай узнагароды "Атлетыка", заснаванай Беларускай федэрацыяй лёгкай атлетыкі (БФЛА) у абсалютнай узроставай катэгорыі па выніках 2014 года.
Андрэй Краўчанка заваяваў залатую ўзнагароду ў дзесяцібор`і на ЧЕ-2014, апярэдзіўшы ўсіх з сумай 8 616 ачкоў. Тады ўсяго на адно ачко яна аказалася меншай, чым яго асабісты рэкорд. Па выніках спаборніцтваў беларус на 95 ачкоў апярэдзіў сярэбранага прызёра француза Кевіна Маера.
Марына Арзамасава выйграла фінальны забег ЧЕ-2014 на дыстанцыі 800 м з часам 1 мін 58,15 сек. Гэты рэзультат аказаўся на той момант новым асабістым рэкордам спартсменкі.
Узнагароду "Атлетыкі" атрымалі і асабістыя трэнеры гэтых спартсменаў. За падрыхтоўку Андрэя Краўчанкі быў узнагароджаны Ігар Сівадзедаў, а за поспех Марыны Арзамасавай адзначана Наталля Духнова. Заслужаныя ўзнагароды лёгкаатлетам і іх трэнерам у абсалютнай узроставай катэгорыі ўручыў старшыня БФЛА, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Вадзім Дзевятоўскі. Ён пажадаў лаўрэатам не спыняцца на дасягнутым, а іншым атлетам пастарацца пакарыць новыя вышыні.
Сярод моладзі да 21 года "Атлетыкі" ўдастоены Алена Собалева (кіданне молата, 4-е месца на Кубку Еўропы па кіданнях-2014), а таксама Андрэй Чурыла (скачкі ў вышыню, 2-е месца каманднага Кубка Еўропы-2014). Спецыяльная ўзнагарода БФЛА лепшаму трэнеру спартсменаў гэтай узроставай групы дасталася Валянціну Курдзюку - асабістаму трэнеру Андрэя Чурылы.
У юніёрскай узроставай катэгорыі (да 19 гадоў) "Атлетыку" атрымалі ўдзельнікі мінулагодняга ЮЧС. У жанчын яна дасталася Вікторыі Рашчупкінай (спартыўная хадзьба), а ў моцнай палавіны - Дзмітрыю Набокаву, які выйграў на тым турніры серабро ў скачках у вышыню. Сярод трэнераў па-за канкурэнцыяй аказаўся настаўнік Дзмітрыя Набокава Уладзімір Алейнік.
У юнацкай узроставай катэгорыі (да 17 гадоў) узнагарод удастоены чэмпіёнка II летніх Юнацкіх алімпійскіх гульняў 2014 года ў Нанкіне (Кітай) кап`якідальніца Ганна Тарасюк, а таксама ўдзельнік тых спаборніцтваў фіналіст у кіданні кап`я Валерый Ізотаў. Трэнерскую "Атлетыку" тут уручылі Наталлі Шыкаленцы - трэнеру Ганны Тарасюк.
Спецыяльная ўзнагарода "Атлетыка" выканана ў форме бронзавай статуэткі. Па ініцыятыве БФЛА яна была ўручана ўпершыню. Пераможцы па выніках мінулага года і ў далейшым будуць вызначацца ў чатырох узроставых катэгорыях: дарослыя (абсалютная катэгорыя), моладзь (да 21 года), юніёры/юніёркі (да 19 гадоў), старэйшыя юнакі/дзяўчаты (да 17 гадоў). Нараўне са спартсменамі ўзнагароды атрымліваюць лепшыя трэнеры (два настаўнікі дарослых лёгкаатлетаў і па адным у астатніх катэгорыях).
20 сакавіка 2015, Мінск
БЕЛТА
20 сакавіка 2015, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/241/30172
Текущая дата: 16.11.2024