Белорусский портал в Казахстане

I Міжнародная выстава "Мотавелаэкспа-2014" пройдзе ў Мінску на наступным тыдні



I Міжнародная выстава-продаж мотавелатэхнікі, камплектуючых і аксесуараў "Мотавелаэкспа-2014" пройдзе 17—19 красавіка ў мінскім Палацы спорту.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць выставачная кампанія "Экспасістэмс" і Мінскае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты (БелГПП) пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму Беларусі.

Паводле інфармацыі Мінскага аддзялення БелГПП, выстава прымеркаваная да пачатку мота- і веласезона. На ёй будуць выстаўленыя: матацыклы, веласіпеды, камплектуючыя і аксесуары, тавары для экстрэмальнага і актыўнага адпачынку. Арганізатары таксама зазначаюць, што выстава заклікана адыграць "важную ролю ў працэсе фарміравання і развіцця беларускага сектара мота- і велаіндустрыі".

Падчас выставы будуць арганізаваныя прэзентацыі, розыгрышы прызоў, паказальныя выступленні па велатрыяле каманды "Мінск-трыял" і стантрайдынгу (трукавай яздзе на матацыкле і квадрацыкле). Апошнія праводзяцца пры падтрымцы матацыклетнай федэрацыі Расіі. Наведвальнікі таксама змогуць убачыць конкурсны адбор удзельнікаў чэмпіянату Мінска па бодыбілдынгу і фітнесе.

Запланаваныя дзелавыя сустрэчы з удзелам экспанентаў і гасцей выставы, прадстаўнікамі беларускага і замежнага бізнесу.

Арганізатары разлічваюць, што выстава-продаж "Мотавелаэкспа" стане "грандыёзным мерапрыемствам, якое спалучае ў сабе бізнес-экспазіцыю і захапляльную праграму" і "збярэ шматлікую аўдыторыю вытворцаў, пастаўшчыкоў, спартсменаў і проста аматараў актыўнага ладу жыцця і адпачынку на колах".

Мяркуецца, што "Мотавелаэкспа" стане штогадовым мерапрыемствам.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 13 красавіка 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/247/25751
Текущая дата: 12.05.2024