Белорусский портал в Казахстане

Беларуская дзюдаістка Даніэла Казаной заваявала сярэбраную ўзнагароду маладзёжнага чэмпіянату Еўропы-2014



Яна стала сярэбраным прызёрам у вагавой катэгорыі да 63 кг.

Адзіную ўзнагароду сярод беларускіх удзельнікаў маладзёжнага (U-23) чэмпіянату Еўропы па дзюдо, які прайшоў у Вроцлаве (Польшча), заваявала Даніэла Казаной. 

На шляху да ўзнагароды Даніэла Казаной выйграла тры схваткі, паслядоўна яна перамагла іспанку Бланку Турада ("іпон" за 1 мін. 54 сек.), грачанку Лізавету Целцыду (перамога "шыда") і нямецкую дзюдаістку Надзю Базінскі (перамога "юка"). У фінале прадстаўніца Беларусі пацярпела паражэнне ("іпон" за 3 мін. 38 сек.) ад шведкі Эмы Баркелінг. Па ходзе сезона Даніэла Казаной таксама ў сваёй вазе выйгравала сярэбраную ўзнагароду на адным з этапаў Кубка Еўропы ў расійскім Арэнбургу. Тады ў фінале яна ўступіла другой беларускай спартсменцы Яўгеніі Зайцавай. Уладальніца сярэбранай узнагароды маладзёжнага Еўра-2014 прысутнічала і на галоўных турнірах у годзе (чэмпіянаце Еўропы і чэмпіянаце свету) сярод дарослых майстроў татамі, аднак выбывала са спаборніцтваў пасля дзвюх сустрэч.

Блізкімі да ўзнагарод чэмпіянату Еўропы-2014 сярод моладзі былі Арыф Багіраў (60 кг) і Кацярына Калюжная (звыш 78 кг). Яны прабіліся ў паядынкі за 3-е месца праз суцяшальны раўнд, аднак у медальных схватках уступілі сапернікам і сінхронна занялі пятыя месцы.

Па дзве сустрэчы на чэмпіянаце у Вроцлаве правялі Ігар Жукаў (90 кг) і Мікіта Жолудзеў (100 кг), выбыўшы пасля другой з ліку саіскальнікаў узнагароды. Стартавыя паражэнні на ранніх стадыях прымусілі пакінуць турнір беларускіх дзюдаістаў Сяргея Ушыўца, Цімура Гасымава (73 кг), Цімафея Емяльянава (81 кг), Уладзіміра Шумейку (90 кг), Ілью Асіна (100 кг), Арцёма Філатава (звыш 100 кг).

У будучы ўік-энд шэрагу беларускіх майстроў дзюдо трэба будзе выступіць на рэспубліканскай універсіядзе, якая пройде 22-23 лістапада ў СКУС "Уручча". Да ўдзелу ў спаборніцтвах універсіяды дапускаюцца студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі ва ўзросце да 28 гадоў.

17 лістапада 2014, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/250/28285
Текущая дата: 16.11.2024