Белорусский портал в Казахстане

Другі дабрачынны трыятлон, накіраваны на збор сродкаў для будаўніцтва новага дзіцячага хоспіса, пройдзе ў Мінску 27 жніўня



Ініцыятарам трыятлона другі год выступае 61-гадовы брытанскі бізнесмен Антон Сайман сумесна з грамадскай дабрачыннай арганізацыяй "Беларускі дзіцячы хоспіс" (БДХ).

Як паведаміла спецыяліст па развіцці камунікацыйнай стратэгіі БДХ Любоў Кудзелка, на працягу гадзіны, з 10.00 да 11.00, Сайман мае намер праплыць паўтара кіламетра ў Палацы воднага спорту, у 12.00 — ажыццявіць 10-кіламетровы прабег да пасёлка Баравая, а ў 15.00 — праехаць на веласіпедзе ад Баравой да "Кургана Славы", дзе адбудзецца ўскладанне вянкоў. Фінішуе брытанец у цяперашнім дзіцячым хоспісе ў Бараўлянах да 18.00.

На веладыстанцыі ініцыятыву Саймана падтрымаюць пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Брус Бакнэл і член праўлення Мінскага веласіпеднага таварыства Аляксей Ландрэс, які летась ажыццявіў велападарожжа па Еўропе, а ў 2015-м — плануе праехаць па Азіі ў падтрымку будаўніцтва новага дзіцячага хоспіса.

"Традыцыі правядзення дабрачынных трыятлонаў у Вялікабрытаніі ўжо шмат гадоў, але для Беларусі, здаецца, гэтая традыцыя новая. Я спадзяюся натхніць сваім прыкладам іншых людзей, якія ў будучыні маглі б развіваць такую цудоўную дабрачынную ініцыятыву, як будаўніцтва новага дзіцячага хоспіса", — заявіў Сайман.

Асноўную частку ахвяраванняў у межах акцыі Сайман збірае ў Вялікабрытаніі. Летась ён прывёз на будаўніцтва хоспіса 11 тысяч фунтаў стэрлінгаў.

Жыхары Беларусі таксама могуць далучыцца да акцыі, зрабіўшы ахвяраванне.

Сродкі можна пералічыць у любым аддзяленні банка: "Прыёрбанк" ААТ, код 749; Р/C 3015017641011; УНН 100806662; ОКПО 37342741. У раздзеле "від плацяжу" неабходна ўказаць "дабрачыннае ахвяраванне".

Патэлефанаваўшы па нумары 8-902-101-0000, можна ахвяраваць 11.400 рублёў. Гэтая сума будзе ўключана ў лік аплаты за гарадскі тэлефон. Першыя 12 секунд пасля званка, падчас якіх аператар тлумачыць умовы праекта, не тарыфікуюцца, таму неабходна дачакацца слоў падзякі.

Абаненты МТС могуць ажыццявіць ахвяраванне з дапамогай мабільнага тэлефона, адправіўшы SMS на нумар 553 у выглядзе: HOSPICE прабел сума або 515 прабел сума. Паведамленне на нумар 553 не тарыфікуецца. Паслуга даступная толькі для тэлефонаў, зарэгістраваных на фізічных асоб. Ахвяраванне можа зрабіць любы абанент МТС са станоўчым балансам рахунку (пасля ажыццяўлення ахвяравання на рахунку абанента павінна застацца не менш чым 1000 рублёў).

Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 24 жніўня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/253/27293
Текущая дата: 16.11.2024