Белорусский портал в Казахстане

Абавязковыя курсы для будучых паляўнічых уведзены ў Беларусі



Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства лясной гаспадаркі ад 7 мая 2014 года нумар 6, якая вызначае парадак допуску асоб да экзамену на атрыманне дзяржаўнага пасведчання на права палявання, а таксама яго здачы.

Дакумент афіцыйна апублікаваны 27 чэрвеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу пасля апублікавання.

Раней падрыхтоўка да спецыяльнага паляўнічага экзамену ў Беларусі мела рэкамендацыйны характар. У дакуменце змешчана праграма падрыхтоўкі да экзамену, вызначаны тэмы і мінімальная колькасць вучэбных гадзін, якія адводзяцца на іх вывучэнне. У прыватнасці, падрыхтоўка да паляўнічага экзамену будзе ўключаць вывучэнне відаў дзікіх жывёл, у тым ліку рэдкіх, а таксама палажэнняў аб іх ахове. Навучэнцы змогуць азнаёміцца з біялогіяй паляўнічых жывёл і заканадаўствам аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету, у тым ліку з мерамі адказнасці за парушэнне правіл вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання.

Адна з рэкамендаваных тэм гучыць як "прыкметы паляўнічых жывёл". Яна ўключае вывучэнне сілуэтаў, слядоў і іншых характэрных адзнак паляўнічых жывёл па фатаграфіях, малюнках, чучалах, відэаматэрыялах і фанаграмах. Будучым паляўнікам раскажуць аб метадах вызначэння полу і ўзросту капытных і некаторых іншых відаў паляўнічых жывёл. Курсы таксама будуць знаёміць слухачоў з тэрмінамі, спосабамі і прыладамі палявання на розныя віды паляўнічых жывёл, з правіламі бяспекі на паляванні. Напрыклад, новымі правіламі вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, якія ўступілі ў сілу з 26 чэрвеня, дазволена паляванне з лукамі і арбалетамі. Навыкі абыходжання з гэтымі відамі зброі таксама будуць прывівацца слухачам курсаў.

Курсы для будучых паляўнічых арганізаваны ў лясных гаспадарках і на базе УП "Белдзяржпаляванне". Па выніках навучання неабходна будзе вытрымаць экзамен у выглядзе тэста. Ён прадастаўляецца на папяровым або электронным носьбіце і змяшчае 10 пытанняў. Працягласць запаўнення тэста складае 30 мінут. Колькасць правільных адказаў, якія з`яўляюцца падставай для прызнання вынікаў тэсціравання станоўчымі, павінна складаць не менш як 80 працэнтаў ад колькасці пытанняў, змешчаных у экзаменацыйных тэстах.

Экзамен праводзіцца камісіяй па правядзенні спецыяльнага паляўнічага экзамену, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі арганізацый Мінлясгаса, тэрытарыяльных органаў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама іншыя асобы, якія маюць спецыяльныя веды ў галіне прыродаахоўнага заканадаўства, правіл вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання. Па выніках экзамену камісія прымае рашэнне аб яго здачы або няздачы.

Права на атрыманне дзяржаўнага пасведчання маюць дзеяздольны грамадзянін Беларусі, які дасягнуў 18 гадоў, а таксама дзеяздольны замежны грамадзянін і асоба без грамадзянства, якая пастаянна пражывае на тэрыторыі краіны і мае пасведчанне на права жыхарства.

Прэтэндэнтам на атрыманне паляўнічага пасведчання не можа быць грамадзянін, прызнаны ва ўстаноўленым парадку недзеяздольным або абмежавана дзеяздольным, які мае судзімасць за ўчыненне наўмысных злачынстваў, звязаных з замахам на жыццё або здароўе чалавека, або злачынстваў, звязаных з выкарыстаннем зброі або выбуховых рэчываў, а таксама злачынстваў супраць экалагічнай бяспекі і прыроднага асяроддзя, які падвяргаўся ў адпаведнасці з заканадаўствам адміністрацыйнаму спагнанню за парушэнне правіл вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, які мае дзяржаўнае пасведчанне, адносна якога на працягу аднаго года да звароту за атрыманнем дзяржаўнага пасведчання было прынята рашэнне аб прызнанні несапраўдным гэтага пасведчання.

27 чэрвеня 2014, Мінск
Марыя Дзмітрыева - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/257/26456
Текущая дата: 16.11.2024