Белорусский портал в Казахстане

Целы двух загінулых на Камчатцы беларускіх турыстаў па-ранейшаму знаходзяцца ў гарах



Аб гэтым паведаміў прэс-сакратар пасольства Беларусі ў Расіі Аляксандр Гардзейчык.

Целы загінулых ва Усць-Камчацкім раёне РФ беларускіх турыстаў Сяргея Франкоўскага і Андрэя Крупадзёрава ратавальнікі не могуць забраць з месца гібелі з-за неспрыяльных умоў надвор`я.

"Целы дагэтуль з-за ўмоў надвор`я знаходзяцца на месцы гібелі. Як толькі дазволіць надвор`е, іх плануюць забраць на верталётах", — сказаў Гардзейчык.

Паводле яго слоў, астатнія шэсць чалавек з групы беларускіх турыстаў 14 ліпеня пераехалі ў Петрапаўлаўск-Камчацкі. На сувязі з імі пастаянна знаходзіцца кіраўнік аддзялення пасольства ў Хабараўску Уладзімір Максімаў.

Прэс-сакратар пасольства таксама паведаміў, што з двух загінулых страхоўку меў толькі адзін — Сяргей Франкоўскі.

Нагадаем, група з васьмі беларускіх турыстаў адпачывала ў раёне Ключэўскай групы вулканаў, не зарэгістраваўшыся ў мясцовым аддзяленні МНС. Раніцай 9 ліпеня двое мужчын з групы адправіліся ажыццяўляць узыходжанне на вулкан Камень, але ў прызначаны час у лагер не вярнуліся. Астатнія шэсць чалавек спрабавалі арганізаваць самастойны пошук, але ён не прынёс поспеху, таму 11 ліпеня турысты звярнуліся па дапамогу ў МНС.

14 ліпеня ратавальнікі знайшлі целы зніклых турыстаў на ўсходнім схіле вулкана на вышыні каля 3.400 метраў над узроўнем мора. Паводле звестак Следчага камітэта РФ па Камчацкім краі, турысты былі звязаныя паміж сабой альпінісцкім рыштункам, і, паводле папярэдняй версіі, адзін з мужчын, сарваўшыя з ледніка, пацягнуў за сабой свайго напарніка.

Як паведаміў старшыня Беларускай федэрацыі альпінізму Аляксандр Гадлеўскі, яны ўваходзілі ў склад турыстычнай групы, якая была арганізаваная ў пачатку ліпеня для экспедыцыі на Камчатку. Кіраўніком групы быў Франкоўскі. "Альпінісцкага вопыту ў іх не было, яны не з`яўляюцца альпіністамі, членамі нашай альпінісцкай федэрацыі, не сталі ў нас на ўлік, яны аматары экстрэмальных падарожжаў, — расказаў Гадлеўскі. Ён удакладніў, што ў экспедыцыю адправілася восем беларусаў — пяць мужчын і тры жанчыны, у тым ліку жонкі загінулых, Таццяна Франкоўская і Кацярына Крупадзёрава.

Арцём Шрайбман, БелаПАН
Мінск, 15 ліпеня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/257/26674
Текущая дата: 16.11.2024